Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЗЭТА “МЕСТНОЕ ВРЕМЯ” СТАЛА ЛЯЎРЭАТАМ РАСЕЙСКАГА КОНКУРСУ РЭГІЯНАЛЬНАЙ ПРЭСЫ


Ігар Карней, Менск

Адрозьненьне гэтага конкурсу рэгіянальнай прэсы ад шматлікіх пампэзных журналісцкіх мерапрыемстваў у тым, што да разгляду прымаюцца найперш працы, забароненыя да друку паводле прыкметаў цэнзуры з боку мясцовых уладаў. Беларускія недзяржаўныя выданьні, якія сутыкаюцца з праявамі як наўпроставай, так і завуаляванай цэнзуры амаль штодня, небеспадстаўна прэтэндуюць на вышэйшыя прыступкі ў гэтым конкурсе. А “Местное время” — тым больш, бо якраз гэтае выданьне найбольш не дагадзіла мясцовым беларускім уладам — у дадзеным выпадку Менаблвыканкаму, і месяц таму было зачыненае.

Што да ўласна конкурсу, то ён праводзіцца ўжо пяты раз і мае сваёй мэтай прыцягнуць увагу да ўціску на свабоду слова як у Расеі, так і ў пасьлясавецкіх краінах. Паказальна, што ініцыятарамі падобнай імпрэзы ня толькі самі журналісты, але і некаторыя палітычныя рухі. Так, сярод самых актыўных змагароў за свабоду прэсы выступае расейскае аб’яднаньне “Яблоко”, а ягоны лідэр Грыгоры Яўлінскі нават прапанаваў прысвоіць конкурсу імя галоўнай рэдактаркі газэты “Советская Калмыкия сегодня” Ларысы Юдзінай, якая напярэдадні першага конкурсу ў 1998 году была забітая ў Элісьце. Гэзэта, нагадаю, апазыцыйная рэжыму прэзыдэнта Калмыкіі Кірсана Ілюмжынава, і забойства дагэтуль зьвязваюць якраз з палітычнай пазыцыяй выданьня.

Сёлета ў конкурсе адзіным прадстаўніком ад Беларусі было “Местное время”, паколькі спэцыфіка выданьня якраз пасавала тэме конкурсу — гэта прыярытэт мясцовых навінаў, інфармацыя з рэгіёнаў і для рэгіёнаў. Таму перамога ў намінацыі “Выданьні краінаў СНД” газэты зь Беларусі ў чымсьці чаканая: прынамсі, “Местное время” было адзіным, якое намінавалася як газэта, зачыненая ўладамі паводле прыкметы цэнзуры.

Рэдактар “Местного времени” Анатоль Гуляеў таксама лічыць, што перамога ў конкурсе была лягічная. І ўдакладняе, што ў такіх экстрэмальных умовах, у якіх працуе незалежная прэса, перамогі вартыя ўсе недзяржаўныя выданьні, паколькі сам факт выжываньня насуперак (альбо, як вынікае з расейскага назову конкурсу — “вопреки”) умовам можна кваліфікаваць мінімум як грамадзянскі ўчынак. Намесьнік спадара Гуляева Аляксандар Коктыш да словаў рэдактара дадае, што з гледзішча юрыспрудэнцыі “Местное время” было зьліквідаванае па цалкам надуманых і нелягічных прычынах. Паколькі змаганьне за аднаўленьне “Местного времени” пакуль няроўнае, рэдакцыя выдае дзьве рэгіянальныя газэты — “Пинскую неделю” і “Панараму” для Полацка-Наваполацкага рэгіёну.

Як распавялі мне ў рэдакцыі “Местного времени”, заахвочаньне пераможцаў збольшага маральнае — дыплёмы пераможцаў і званьне ляўрэатаў. Прынамсі, грашовых прэміяў не прадугледжана. Арганізатары конкурсу перакананыя (зрэшты, і журналісты таксама), што зьвярнуць увагу на стан прэсы ў сучасным грамадзтве — гэта ня меней важная справа, чым атрыманьне гранту на магчымасьць друкавацца. У Беларусі, дарэчы, замежныя гранты, як паказвае досьвед, зусім не гарантыя спакойнага існаваньня.

Сёлета ўрачыстае падвядзеньне вынікаў конкурсу адбудзецца 22 кастрычніка ў Цэнтральным Доме журналістаў у Маскве. Чакаецца прысутнасьць вялікай колькасьці вядомых журналістаў, палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў. Рэдакцыя “Местного времени” напярэдадні гэтаксама атрымала запрашэньне на імпрэзу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG