Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ НАКІРАВАЎ ЛУКАШЭНКА СПАЧУВАНЬНІ РОДНЫМ АХВЯРАЎ ПАЖАРУ Ў РАНДЗІЛАЎШЧЫНЕ?


Валер Каліноўскі, Менск

На могілках у вёсцы Рандзілаўшчыне неўзабаве зьявяцца два шэрагі новых магілаў. Дата пахаваньня ахвяраў трагічнага пажару не абвешчаная, пакуль не завершыцца ідэнтыфікацыя абгарэлых парэштак людзей. А абвугленыя рэшткі корпусу дому-інтэрнату ў Рандзілаўшчыне ўжо закопваюць бульдозэрам у яму. Гаворыць Васіль Казак, начальнік упраўленьня ў справах вэтэранаў і інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, якому належыць гэтая ўстанова:

(Казак: ) “Што згарэла, мы ўсё закопваем у яму. Ужо там капаюць катлаван, ужо можа выкапалі, пры мне пачалі капаць на тэрыторыі. І там абгарэлыя ўсе гэтыя бярвеньні, усё, што там ёсьць… Людзі ляжаць у моргу, а вось усё, што згарэла, усё ў гэты катлаван будзе засыпана, і ўсё на гэтым. Нічога на гэтым месцы ня будзе. Помніка там узводзіць ня будзем”.

Спадар Казак сказаў, што ні пра якія кампэнсацыі ці матэрыяльную дапамогу сем’ям зь ягонага міністэрства размовы няма — няма такога пункту ў бюджэце Міністэрства.

Міністар надзвычайных сытуацыяў Валеры Астапаў учора на паседжаньні ўраду сказаў, што ў згарэлым доме-інтэрнаце ўжо месяц не працавала ахоўная сыгналізацыя, была адключаная за няўплату. У Мінсацабароны з гэтым не пагаджаюцца. Гаворыць Васіль Казак:

(Казак: ) “Як яна была адключаная? Калі пры мне, я сам правяраў і бачыў, што тыя чырвоныя, якія на будынках, усе яны гараць, усё працуе”.

Паводле спадара Казака зь Мінсацабароны, прычыны трагедыі ў Рандзілаўшчыне высьветліць толькі пракуратура. Тым часам паводле загаду ўраду ў апошнія дні праведзеная праверка супрацьпажарнага стану ўсіх падобных аб’ектаў.

Прадстаўнік сакратарыяту Савету Міністраў Беларусі Славамір Антановіч паведаміў, што пасьля трагедыі міністар надзвычайных сытуацыяў Валеры Астапаў і міністар працы ды сацыяльнай абароны Антаніна Морава атрымалі вымовы. Паводле спадара Антановіча, з Гарадзенскага абласнога бюджэту выдаткоўваюцца сродкі на аднаўленьне інтэрнату — правільней, на дабудову новых карупусоў, узьвядзеньне якіх было замарожанае.

Тым часам газэта прэзыдэнцкай адміністрацыі “Советская Белоруссия” ў матэрыяле “Вар’яцкае полымя” пра трагедыю ў Рандзілаўшчыне безь ніякай спасылкі паведаміла: “Як стала вядома рэдакцыі, кіраўнік дзяржавы накіраваў глыбокія і шчырыя спачуваньні родным і блізкім загінулых у выніку трагедыі ў Дзятлаўскім раёне”. Журналіст, які рыхтаваў гэты матэрыял, нічога пра крыніцы гэтай інфармацыі ня ведае, намесьнік галоўнага рэдактара “СБ” Міхаіл Лябедзік, які падпісваў матэрыял у друк, таксама ня здолеў ці не захацеў нічога адказаць на пытаньне пра крыніцы гэтай інфармацыі — сувязь з ім нечакана перапынілася, і больш слухаўкі ён ня браў.

Але афіцыйнага пацьверджаньня інфармацыі пра спачуваньні А.Лукашэнкі не было — няма такіх паведамленьняў з прэзыдэнцкай прэсавай службы, не казалі пра гэта ў выпусках навінаў БТ. На афіцыйным сайце Аляксандра Лукашэнкі таксама няма паведамленьня пра тое, што ён накіраваў спачуваньні. Хаця дагэтуль там разьмешчанае паведамленьне пра тое, што А.Лукашэнка на мінулым тыдні выказаў спачуваньне прэзыдэнту Інданэзіі ў сувязі зь нядаўняй аўтакатастрофай.

Аб прычынах абыякавасьці кіраўніцтва Беларусі да ахвяраў гаворыць былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў:

(Сасноў: ) “Ды таму што ў нас нялюдзкая ўлада. Гэтыя людзі заклапочаныя толькі сваім дабрабытам. Самы большы — каб захаваць, утрымаць уладу, тыя, што паменей рангам, каб набіць кішэні. З-за гэтага яны і не рэагуюць. Гадоў восем, можа, болей таму, там побач з гэтым домам пачалі будаўніцтва новага інтэрнату, капітальнага, але дзе тое будаўніцтва? Замарожанае. Грошай няма. Пару новых мэрсэдэсаў трэба набыць, а гэтыя хворыя існуюць, як быдла”.

Спачуваньні родным ахвяраў трагедыі ў Дзятлаўскім раёне выказвалі Партыя БНФ, іншыя грамадзкія арганізацыі, амбасада ЗША ў Беларусі, асобныя грамадзяне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG