Першымі пасажырамі “Боінгу 737-500” былі кіраўнікі Дзяржкамавія і нацыянальнай авіякампаніі “Белавія”. Яны патлумачылі і прычыну апошніх адтэрміновак — самалёт вырашана было перафарбаваць у нацыянальныя колеры і цягам двух месяцаў у Шэнане ірляндзкія майстры малявалі цяперашнія герб і сьцяг Беларусі, назву “Белавія” і адпаведны дзяржаўнаму рэгістру бартавы нумар.
Тым часам эканамісты перакананыя, што кожная адтэрміноўка — гэта страчаныя ў маштабах краіны грашовыя сродкі і пасажыры. Вось меркаваньне Ўладзімера Карагіна:
(Карагін: ) “З гледзішча арганізацыі міжнародных авіяперавозак патэнцыял Беларусі вельмі вялікі. Геаграфічнае становішча, наяўнасьць буйных лётнішчаў (у тым ліку вайсковых, якія можна было б пераабсталяваць пад грамадзянскія) аб’ектыўна ствараюць перадумовы дзеля разьвіцьця ў краіне міжнароднай авіяцыі і ўключэньня Беларусі ў міжнародны падзел працы ў гэтай галіне. Вельмі добра, што зьявіўся першы “Боінг”. Але каб у Беларусі больш актыўна разьвіваўся лізынг, каб мы мелі магчымасьць распараджацца дастатковым аб’ёмам крэдытных сродкаў, сытуацыя была б куды лепшая. Бо патрэбная не адна машына, а мінімум 50. Цяпер мы вымушаныя выяжджаць у Варшаву, Маскву ці Вільню, каб хутка патрапіць у той ці іншы пункт плянэты. Таму я вітаю такую падзею, такі крок, але разам спадзяюся, што штосьці да лепшага зьменіцца больш радыкальна”.
Прадстаўнікі Дзяржкамавія неаднойчы паўтаралі, што новы “Боінг” амаль ня будзе стаяць на зямлі, а мусіць узмоцнена адпрацоўваць 23 мільёны даляраў, укладзеныя ў ягонае набыцьцё. А вось самі авіятары збольшага сумняюцца, што за кароткі час можна гэтыя сродкі вярнуць. “Боінг737-500” — самы малы ў сваім мадыфікацыйным шэрагу. Калі, прыкладам, “Боінг737-400” бярэ на борт паўтары сотні чалавек, то беларускі аналяг (“737-500”) толькі 108 (зь іх 10 стацыянарных крэслаў у салёне бізнэс-клясу). Паколькі ў Рым ці Парыж самалёт плянуецца адпраўляць не часьцей за два разы на тыдзень, то попыт яўна будзе апярэджваць магчымасьці чаўнака. Дарэчы, адзін зь пілётаў “Белавія” распавёў, што да беларускага пэрыяду гэты “Боінг” ужо перажыў нешчасьлівую паласу свайго лётнага жыцьця.
(Пілёт: ) “Ад пачатку ён эксплюатаваўся ў амэрыканскай кампаніі. Потым яго набыла Камбоджа. Там адлятаў ён дзесьці паўгоду і, мяркуючы па ўсім, збанкрутавала авіякампанія. Пасьля гэтага самалёт перагналі ў Дублін, дзе яго ўрэшце нашыя і знайшлі. Што да тэхнічнага стану, то цяжка казаць нешта катэгарычна. Усё залежыць шмат ад якіх кампанэнтаў: як актыўна яго выкарыстоўвалі, колькі было гадзінаў налёту. Але шукалі самалёт навейшы; калі браць таньнейшы, але дабіты, то гэта — суцэльны рамонт. А ў нас тэхнічнай базы, па сутнасьці, няма. Пакуль будуць дапамагаць чатыры ўкраінскія інжынэры; яны будуць інструктарамі, бо на абслугоўваньне “Боінгу” патрэбен адмысловы допуск”.
Першы рэйс “Боінгу” зь беларускімі бартавымі нумарамі прызначаны на 26 кастрычніка ў Лёндан. Пяць экіпажаў лётчыкаў, якія летась прайшлі адмысловыя курсы навучаньня, ужо падлічылі, што падымацца ў неба ім давядзецца ня так часта — дзесьці двойчы на тыдзень.
Адзінае, спадзяюцца, што камандзір эскадрыльлі, а таксама першы намесьнік старшыні Дзяржкамавія Вадзім Мельнік (які адначасна дзейны лётчык), не заўсёды здолеюць пакінуць свае працоўныя кабінэты і аддадуць права палётаў іншым экіпажам.