Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯРХОЎНЫ СУД БЕЛАРУСІ ПРЫНЯЎ РАШЭНЬНЕ АБ ЛІКВІДАЦЫІ “ФОНДУ БРАТОЎ ЛУЦКЕВІЧАЎ”


Ганна Соусь, Менск

Судзьдзя Вярхоўнага Суду Мікалай Бабкоў сёньня вынес наступны прысуд:

(Бабкоў: ) “Вырашана ліквідаваць грамадзкае аб’яднаньне “Фонд братоў Луцкевічаў”. Спагнаць з грамадзкага аб’яднаньня дзяржаўную пошліну 82 тысячы 500 рублёў. Рашэньне суду набывае моц неадкладна і ня можа быць касацыйна абскарджанае ці апратэставанае”.

Падставай для ліквідацыі стаў пазоў Міністэрства юстыцыі, у якім Фонд братоў Луцкевічаў абвінавацілі ў неадпаведным юрыдычным адрэсе і пячатцы, а таксама ў іншых парушэньнях заканадаўства. Для старшыні грамадзкага аб’яднаньня Анатоля Гурыновіча рашэньне Вярхоўнага суду ня стала нечаканасьцю.

(Гурыновіч: ) “Вярхоўны суд ніяк ня мог прыняць рашэньня на нашу карысьць зь дзьвюх прычынаў. Першая, асноўная прычына — уся сыстэма ў Беларусі скіраваная на падаўленьне любой ініцыятывы, і для гэтага трэба зьнішчыць актыўныя арганізацыі. І другая прычына — сапраўды, ёсьць рэальная падстава, у час, прызначаны Міністэрствам юстыцыі, мы не падалі юрыдычнага адрасу. Вось гэта галоўная прычына”.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра далейшую дзейнасьць, Анатоль Гурыновіч зазначыў наступнае:

(Гурыновіч ) “Ёсьць мэты, задачы, якія стаялі перад Фондам братоў Луцкевічаў, яны засталіся. Ёсьць людзі, якія займаліся вырашэньнем гэтых задачаў — яны засталіся. Будзем працаваць далей. Аб формах, аб мэтадах работы будзе відаць далей”.

Фонд братоў Луцкевічаў — дзявятая недзяржаўная арганізацыя, зьліквідаваная ў Беларусі цягам апошніх месяцаў. 20 кастрычніка ў суд выкліканая старшыня гомельскага жаночага аб’яднаньня “Ініцыятыва” Галіна Скараход. Упраўленьне юстыцыі гомельскага аблвыканкаму падало пазоў у абласны суд аб ліквідацыі гэтага аб’яднаньня. 21 кастрычніка ў Вярхоўным судзе распачнецца судовы працэс у справе ліквідацыі праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Таксама ўпраўленьне юстыцыі падало пазоў у суд аб ліквідацыі Незалежнага таварыства прававых дасьледаваньняў. Падставай для гэтага стаў шэраг папярэджаньняў, вынесеных міністэрствам. Незалежнае таварыства прававых дасьледаваньняў абскардзіла папярэджаньні, і 29 кастрычніка Менскі гарадзкі суд распачне разгляд гэтай справы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG