Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШВАЙЦАРЫЯ ВАЧЫМА БЕЛАРУСАЎ

Ганна Сурмач, Прага

УДЗЕЛЬНІКІ: Эва Ткачук , Арсень Скаруліс, Ігар і Натальля Канавалавы.

Швайцарыя – заможная і спакойная эўрапейская краіна. Яна прываблівае эмігрантаў з розных канцоў сьвету. Доля чужынцаў сярод насельніцтва Швайцарыі – самая высокая ў Эўропе і складае недзе 20%.

Але беларусам там чамусьці не шанцуе. Ніводнае пакаленьне беларускай эміграцыі не пакінула ў Швайцарыі больш-менш значнага сьледу. Новая хваля беларускай эміграцыі таксама спрабуе адаптавацца сярод швайцарскага грамадзтва.

Сёньня мы размаўляем зь беларусамі, якія мусілі пакінуць Радзіму па палітычных прычынах і спадзяюцца атрымаць у Швайцарыі дазвол на жыхарства.

Першая наша суразмоўца – журналістка Эва Ткачук, яна жыве з мужам Арсенем і 5-гадовай дачкой Агатай у прыгарадзе Бэрну – Ватэнвілі.

(Сурмач: ) “Сп. Эва , як Вам падалася Швайцарыя?”

(Ткачук: ) “Швайцарыя – гэта такая казачная краіна як царства сьпячай прынцэсы, але нам з нашым менталітэтам, калі мы заўсёды жывем ў стрэсе, тут першыя гады вельмі і вельмі цяжка. Ты як усё роўна сьпіш, не жывеш, а назіраеш. Ты нічога не разумееш. Напрыклад, тут цішыня на вуліцах, ці горад гэта, ці вёска, людзей амаль няма, дзеці так, як у нас, на вуліцы не гуляюць”.

(Сурмач: ) “Як вы там забясьпечаны матэрыяльна?”

(Ткачук: ) “Мы тут вельмі добра жывем у побытавым пляне. Нам далі кватэру, мы за яе ня палацім, мы ня плацім лекару, хаця медыцына тут вельмі дарагая. Мы ня плацім за дзіцячы садок”.

(Сурмач: ) “У такіх спрыяльных умовах, як Вы думаеце, цяперашнім беларусам удасца прыжыцца ў Швайцарыі?”

(Ткачук: ) “Ня думаю, бо тут усё чужое. Уражвае спакой і цішыня, таксама прырода, яна тут вельмі прыгожая. А ўсё астатняе ў нас не горш”.

(Сурмач: ) “Калі не прыжывецеся, што будзеце рабіць?”

(Ткачук: ) “Дахаты прыедзем. Урэшце рэшт некалі ўлада памяняецца. Дарэчы, мая дзяўчынка вельмі, вельмі сумуе па Беларусі, яна вельмі часта кажа: "Мама, я хачу ў Беларусь". Мы тут калі першыя тыдні жылі, гэта была вясна, тут вельмі шмат было журавоў, мы цешыліся на іх, бо ў Беларусі ня часта іх убачыш, і мая дзяўчынка заўжды перадавала прывітаньне ў Беларусь з гэтымі журавамі”.

(Сурмач: ) “Спадарыня Эва, вядома, што ў Швайцарыі нямала эмігрантаў. Якое цяпер стаўленьне да чужынцаў у гэтай краіне ?”

(Ткачук: ) “Так, замежнікаў тут вельмі шмат. У Швайцарыі такая тэндэнцыя, што яны гарады фактычна аддаюць эмігрантам, а ўсе швайцарцы жывуць у невялікіх мястэчках, або вёсках.

Наагул, грамадзтва неадназначна ўспрымае ўсё гэта. Мы тут год, за гэты час Народная партыя двойчы ўздымала пытаньне пра тое, каб зрабіць больш жорсткімі ўмовы прыняцьця эмігрантаў. Першы раз яны прайгралі літаральна на 5 галасоў і зараз выносяць гэтае пытаньне ў другі раз.

Тут вельмі паважаюць эмігрантаў са Шры-Ланкі, іх вельмі шмат і іх вельмі любяць. Тут таксама любяць тыбэтцаў.

Сутыкнуўшыся на эміграцыі зь вялікай колькасьцю розных людзей, я разумею, што гэта сапраўды цудоўныя людзі ў большасьці. Яны спакойныя, добрыя, яны ўдзячныя, і яны ніколі не крадуць.

Нас, людзей з былога СССР, успрымаюць па-рознаму. Да сямейных ставяцца добра, да адзіночак ставяцца вельмі дрэнна. Да нас ставяцца добра, бо мы адукаваныя”.

(Сурмач: ) “Муж спадарыні Эвы, Арсень Скаруліс, ужо прымаў удзел у адной з нашых перадачаў і распавёў пра тое, як яны ладзяць жыцьцё ў новай краіне. Што зьмянілася за паўгады ў ягоным жыцьці? На гэтае пытаньне ён адказаў, што наведвае курсы нямецкай мовы, сталай працы яшчэ ня мае, але знайшоў сабе іншы занятак – грае ў спэктаклі.”

(Арсень: ) “Гэта факультэт славістыкі Бэрнскага ўнівэрсытэту, яны робяць такі напаўаматарскі спэктакль. Яны мне прапанавалі. Гэта будзе спэктакль паводле Хармса. Я там граю адну з галоўных роляў. Гэты спэктакль быў напісаны ў 1927 годзе і там у пэўным сэнсе ёсьць узгадкі пра тыя рэаліі, якія былі тады ў Савецкім Саюзе, пра рэпрэсіі, якія тады ўжо набіралі моц. Гэта антытаталітарны спэктакль, і яны хочуць паказаць бачаньне той сытуацыі і правесьці пэўныя паралелі зь сёньняшнім часам і тымі падзеямі, што адбываюцца на пост-савецкай прасторы цяпер”.

(Сурмач: ) “Удакладнім, што гэты спэктакль мае назву “Елізавета Бам” Хармса. Але ж вернемся да размовы са спадарыняй Эвай... Спадарыня Эва, я чула, што Вы вядзеце дзёньнік. Вы толькі там яго пачалі весьці, ці яшчэ ў Беларусі?”

(Ткачук: ) “У Беларусі дзёньнік я вяла, але гэта ня тое, што я вяду цяпер. Ведаеце, Швайцарыя для беларусаў – гэта краіна. якую мы амаль не ведаем і таму мне хацелася бы распавесьці пра Швайцарыю не як турыста, а як асоба, якая пажыла тут. Можа гэтая краіна стане бліжэй да нас, а наша – да іх.

Нас так зьвялі абставіны жыцьця, што мы вельмі пасябравалі з тыбэтцамі, асабліва з тыбэцкімі манахамі, разам жылі ў адным гатэлі.

Тыбэт – гэта цудоўная краіна, завоблачная амаль. І было дзіўна, што тут у суседнім пакоі жыве тыбэцкі манах, філёзаф. Мы так хацелі зь ім пагутарыць, але мы ведалі пяць словаў па-нямецку, дваццаць па-ангельску, размаўлялі на гэтай трасянцы, і мы шмат чаго зразумелі. Вось і пра гэта мне хацелася бы напісаць, як тут тыбэтцы прыжываюцца, бо яны ўспрымаюць жыцьцё зусім па іншаму”.

(Сурмач: ) “Эва сказала, што піша яшчэ і казкі для сваёй маленькай дачкі... Спадарыня Эва, выглядае, што Вы таксама знаходзіце сабе занятак у гэтай сытуацыі, калі яшчэ ня маеце магчымасьці атрымаць працу. А што для Вас дыскамфортна, чаго не хапае?”

(Ткачук: ) “Я шкадую, што маё дзіця ня мае магчымасьці дасканала авалодаць беларускай мовай, яна наагул ужо амаль цалкам перайшла на нямецкую.

Але за тое ёсьць другі добры момант. Для яе Беларусь стала казачнай краінай. Мы неяк купілі кукурузу, яна зьела і кажа: "Кукуруза то добрая, але ў Беларусі куды смачнейшая". І так ва ўсім, нядаўна яна кажа: "Мама, тут і чакалядкі смачныя, але ў Беларусі смачнейшыя, чаму тут тварагу няма". Краіна сыроў , а тварагу няма”.

(Сурмач: ) “Вядома, я запытала ў спадарыню Эву, ці сутракалі яны яшчэ беларусаў у Швайцарыі?”

(Ткачук: ) “Вельмі шмат хлопцаў з Наваполацку, гэта проста нейкі фэномэн, іх так шмат , што ўсе пытаюцца, ці застаўся там нехта?”

(Сурмач: ) “Гэты фэномэн нам дапаможа разгадаць наш наступны суразмоўца, зь якім нас пазнаёміла спадарыня Эва. Яго завуць Ігар Канавалаў, ён жыве з жонкаю Натальляй і 14-гадовай дачкою Марыяй у мястэчку Нойнгоф блізу Базэля. Але, напачатку спадар Ігар распавёў пра гэтае мястэчка і ягоных насельнікаў, сярод якіх ім цяпер даводзіцца жыць.”

(Канавалаў: ) "Нойнгоф – тут швайцарцаў амаль няма, недзе тысячы дзьве, насельніцтва ўсяго 6 тысяч. Вельмі шмат з Афрыкі, з былой Югаславіі, з Альбаніі, манголаў шмат, армяне, грузіны, з Расеі вельмі шмат”.

(Сурмач: ) “Фамілія Канавалавых – адзіная ў мястэчку беларуская сям’я. Яны зь Менску. Удома спадар Ігар меў шмат праблемаў. Некалі ён працаваў ў менскім мэтро, удзельнічаў у вядомым страйку 1995 году, быў у выніку звольнены, займаўся грамадзкай працай, быў сябрам у “Белым легіёне”... Як гэтай сям’і пачуваецца на чужыне?”

(Канавалаў: ) “Добра, адносіны да нас добрыя, мы на сацыяльнай працы, па 15 франкаў у дзень. Даюць сацыяльныя грошы. Дачка ў школу ходзіць, на курсы, пасьля курсаў пройдзе тэсты і пойдзе ў школу.

Для мяне добра, успаміны ня вельмі добрыя пра тое, што ў мяне было ў Беларусі і што цяпер робіцца. Тут я хаця бы магу захаваць сваю сям'ю. Я паехаў зь Беларусі, бо знаходзіўся ў крытычным стане, вымушаны быў.

Людзі да беларусаў ставяцца добра, але яны дрэнна разумеюць сытуацыю, ня ведаюць, як гэта можа быць, што Радзіма ёсьць, а жыць там нельга. Лукашэнку ведаюць.Тут швайцарскія газэты вельмі часта друкуюць матэрыялы пра Беларусь”.

(Сурмач: ) “Жонка Ігара, Натальля, таксама далучылася да нашай размовы.”

(Канавалава: ) “Мне падабаецца: іншая краіна, нешта новае. Але, каб была магчымасьць, дык сабрала бы манаткі і дамоў. Хочацца дамоў. Слухаем Свабоду кожны дзень.

Я скончыла палітэхнікум, працавала на "Інтэграле". Калі пачаліся гэтыя справы з Ігарам у 1995 годзе і яго звольнілі з мэтро, тады і мяне папрасілі. Ня звольнілі, але мяне выклікаў начальнік і сказаў, што было бы добра, калі б я таксама звольнілася. Потым мяне падвялі пад скарачэньне. Мабыць год не працавала, нам было вельмі цяжка, потым знаёмая завяла на Камароўку, і я там працавала”.

(Сурмач: ) “А як прывыкае да новага жыцьця вашая дачка?”

(Канавалава: ) “Па рознаму. Змагаемся, яна ў нас разумная дзяўчынка. Дома пісала вершы, але, нешта тут у Швайцарыі ня пішацца ёй”.

(Сурмач: ) “Калі мы запыталіся ў Ігара Канавалава пра іншых беларусаў у Швайцарыі, ён таксама закрануў пытаньне пра хлопцаў з Наваполацку, пра якіх гаварыла наша першая суразмоўца Эва Ткачук.”

(Канавалаў: ) “Шмат людзей едуць сюды з Расеі, з Санкт-Пецярбургу. У іх гаворка такая амаль як ў нас, яны так размаўляюць па-расейску і едуць, як быццам яны з Наваполацку. Іх асабліва і праверыць ня могуць. Гэта яшчэ і Пскоўская вобласьць, яны на расейскай мове размаўляюць таксама, як і мы. Там адвакаты грошы на гэтым зарабляюць, прыдумваюць ім гісторыі. Выглядае, што ўжо весь Наваполацак выехаў. І са Смаленска я бачыў хлопцы таксама гаварылі, што яны нібыта з Магілёву. Я ім карту Магілева паказваў, дык яны ня ведалі, што гэта за горад. Расказваюць, што міліцыя ў касках па вуліцах ходзіць, у бронекамізэльках, ледзь не на танках па Беларусі езьдзяць, і яны быццам бы баяцца і ўцякаюць. Спэкуляцыя вось такая ідзе”.

(Сурмач: ) “Так мы нечакана даведаліся прычыны гэтай загадкавай зьявы – чаму выглядае , што беларускі Наваполацак раптам перасяліўся ў Швайцарыю. Сп. Ігар, дык гэта ўжо цэлая сістэма працуе? І як гэтыя псэўда-беларусы візы атрымліваюць?”

(Канавалаў: ) “Так , выглядае, што іх падрыхтоўваюць адвакаты. А візы не праблема, бо гэта ж у нас цяжка, а ў Расеі, мне расейцы кажуць, што гэта не пытаньне. Едуць і выкідаюць пашпарты, прыяжджаюць без пашпарту і кажуць, што яны ўцекачы. Нэгатыўныя адказы ў асноўным атрымліваюць, а потым ў другую краіну ўцякаюць”.

(Сурмач: ) “Гэтыя так званыя “палітуцекачы”, паводле словаў сп. Канавалава, хутка выяўляюць сваю сапраўдную сутнасьць. Яны пачынаюць красьці ў крамах і ствараюць праблемы мясцовым уладам. Ці зразумелі ўлады ўрэшце розьніцу, што гэта за людзі?”

(Канавалаў: ) “Ім цяжка, бо тут 90% вось такіх уцекачоў. Мне расеец кажа: "Я сюды прыехаў чэсна зарабляць, я пайду красьці, украду, і будзе добра". Вось такі мэнталітэт.”

(Сурмач: ) “Арсень Скаруліс мае свой погляд на гэтую справу.”

(Арсень: ) “Я лічу, што гэтыя людзі могуць быць як з Наваполацку, так і з іншых гарадоў Беларусі, Расеі ці Украіны. Гэта можа быць і проста абмен паміж тымі людзьмі, якія знаходзяцца ў лягерох, адзін другому могуць падказаць нейкую вэрсію, так што гэта можа быць проста вынікам абмену інфармацыі паміж людзьмі”.

(Сурмач: ) “Так ці інакш, але, відавочна, што шмат хто з былых савецкіх тэрыторый сёньня выдае сябе за беларуса, каб атрымаць палітычны прытулак у заходніх краінах. Беларуская бяда стала аб’ектам спэкуляцыі для гэтых людзей і вялікай праблемай для сапраўдных палітуцекачоў зь Беларусі, да якіх па гэтых прычынах таксама часта ставяцца з падазронасьцю.”

(Сурмач: ) “Калі ў Беларусі зьменіцца сытуацыя , ці вернецеся вы дадому? Гэтае пытаньне на разьвітаньне мы задалі Натальлі Канавалавай.”

(Канавалава: ) “Ой, нават ня ведаю. Вы ведаеце, мы ўжо параўналі тое жыцьцё, якое ў нас ў Беларусі было – гэтае змаганьне і толькі вось цяпер у Швайцарыі я хоць спаць пачала нармальна па начах. А там, ня ведаеш – ці вернецца муж дамоў ці прыйдуць у кватэру і забяруць, ці яшчэ нешта зробіцца. Страх гэты перажылі. Хачу, каб дачка атрымала тут адукацыю, бо ў школе там яе таксама прыцясьнялі. Як гэта можа быць, калі дзяўчынка піша вершы, апавяданьні і яе не ўзялі ў гуманітарны кляс, далі нам адмову.

Можа мы вернемся, але, я хачу, каб дачка пакуль заставалася за мяжой. Але я ўсё-ткі думаю, што змагацца трэба на Радзіме. Мы восем гадоў змагаліся. Мы тут таксама можам дапамагчы, пакуль будуць сілы, будзем дапамагаць Радзіме”.
XS
SM
MD
LG