Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІТАЙ ЗАПУСЬЦІЎ ЧАЛАВЕКА Ў КОСМАС


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Кітай стаў трэцяй пасьля Расеі і ЗША дзяржавай, якая вывела на арбіту касманаўта выключна ўласнымі сіламі. Касьмічны карабель “Шэньчжоў-5” пасьпяхова стартаваў сёньня раніцай з касмадрому Цзюцюань і выйшаў на арбіту.

Мяркуецца, што ён абляціць Зямлю 14 разоў. Палёт будзе доўжыцца болей як 20 гадзінаў. Прапаганда, што суправаджала старт, вельмі нагадвае тое, як адбываліся першыя палёты ў космас у СССР. Перад стартам касманаўт Янг Лівэй паабяцаў кіраўніцтву краіны і кітайскаму народу, што выканае місію пасьпяхова.:

(Лівэй: ) “Я высока цаню клопаты і падтрымку прзыдэнта Ху і іншых кіраўнікоў краіны. Я ўдзячны за навучаньне, якое я атрымаў ад маёй краіны і майго народу. Я выканаю спадзяваньні радзімы і народу. Я абяцаю краіне і прэзыдэнту Ху, што выканаю ўскладзеную на мяне місію. І я не падвяду вас.”

Пасьля запуску карабля прэзыдэнт Кітаю Ху Дзіньтао назваў гэтую падзею гістрычнай:

(Ху: ) “Таварышы! Даўгачаканы старт “Шэньчжоў-5” адбыўся пасьпяхова. Касьмічны карабель, які нашая дзяржава сама спраектавала і які нясе нашага касманаўта, намі самімі навучанага, выйшаў на арбіту без праблемаў. Мы перамаглі ў першай бітве за нашую касьмічную праграму. Кітайскі народ зрабіў вызначальны гістарычны крок у дасягненьні вышыняў глябальнай навукі і тэхналёгіяў.”

38-гадовы падпалкоўнік вайскова-паветраных сілаў Кітаю Янг Лівэй лічыцца адным з найлепшых у краіне пілётаў-зьнішчальнікаў. Імя першага касманаўта было названае толькі ў аўторак. Лівэя выбралі з трох кандыдатаў на палёт літаральна за некалькі гадзінаў да старту. Разам у межах кітайскай касьмічнай прагарамы навучаліся працы на арбіце 14 чалавек.

На нашай памяці катастрофа амэрыканскага чаўнаку і пагібель сямі астранаўтаў. Ці паўплывала гэта на пляны кітайцаў? Думаю, што менавіта памяць пра тую катастрофу сталася прычынай, што Пэкін скасаваў папярэдні плян трансьляваць запуск караблю у жывым тэлеэфіры.

Наагул, Пэкін апошнімі тыднямі нагнятаў інтрыгу вакол палёту. Паведамленьні былі цьмянымі. Болей-меней пэўна прамаўлялася, што старт адбудзецца на гэтым тыдні і што апарат абляціць плянэту 14 разоў. Дарэчы, агенцтва BBC перадало, што экспэрты ў касманаўтыцы зьвярнулі ўвагу на тое, што ў часе старту ад ракеты, мяркуючы па тэлеадлюстраваньні, адваліліся нейкія фрагмэнты. Аднак, высьветліць, што гэта такое, не змаглі, бо кітайская касьмічная праграма надзвычайна засакрэчаная.

Адзначаецца, што “Шэньчжоў-5” зьяўляецца дапрацаванай копіяй савецкіх касьмічных караблёў сэрыі “Саюз”. Паводле некаторых дадзеных, прынамсі два кітайскіх касманаўты навучаліся ў Расеі. Іншыя адмыслоўцы кажуць, што падабенства з савецкімі караблямі толькі вонкавае, уся ягоная “начынка” распрацаваная ў Кітаі.

Запуск кітайскага касманаўта на арбіту зямлі віталі амэрыканскія і расейскія адмыслоўцы. Так, адзін з кіраўнікоў амэрыканскага касьмічнага агенцтва NASA Шын О’Кіф назваў гэтую падзею “важным дасягненьнем ў гісторыі чалавечых дасьледаваньняў”.

Расейскі касманаўт Аляксандар Калеры сказаў, што невыпадкова менавіта Кітай – краіна вельмі старажытнай культуры, стаў трэцяй краінай у сьвеце, якая здолела запусьціць чалавека ў космас. Гэта ёьць пацьверджаньнем, што Кітай мае высокі навуковы і індустрыяльны патэнцыял.

Назіральнікі адзначаюць, што запуск чалавека ў космас невыпадкова адбыўся сёньня, калі працуе Пленум Цэнтральнага Камітэту Камуністычнай партыі Кітаю. На ім абмяркоўваюцца складаныя рэформы ў эканоміцы, якія маюць на мэце вызваліць эканоміку ад бюракратызму і разам з тым не дапусьціць моцнага разрыву паміж беднымі і багатымі.

Зь сёлетнім ростам у 8% эканоміка Кітаю мае шанцы ў найбліжэйшай будучыні стаць адной з самых вялікіх у сьвеце. Кітайскае кіраўніцтва, натуральна, выкарыстае ў прапагандысцкіх мэтах гэтае дасягненьне, каб павысіць нацыянальную годнасьць і і ўпэўненасьць у сабе кітайскага народу.

Зрэшты, гэтаксама, як 42 гады таму гэта зрабілі саветы, калі ў космас паляцеў Гагарын. У часе халоднай вайны гэтае дасягненьне моцна ўразіла чалавецтва, і людзі былі схільныя паверыць, што чалавецтва ўваходзіць у нейкую новую эру і лідарам на гэтым шляху будзе камуністычная дзяржава. ЗША тады адрэагавалі пашырэньнем сваёй касьмічнай праграмы і неўзабаве высадзілі чалавека на Месяц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG