Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬ БЕЛАРУСІ Ў НЯМЕЧЧЫНУ НЕЛЕГАЛЬНА ПАСТАЎЛЯЛІСЯ АМФЭТАМІНЫ

Ул. інф.

Як паведамляецца ў сёньняшнім нумары заходненямецкай газэты Ostfriesen-Zeitung, крымінальны груз зь Беларусі трапіў ў Нямеччыну пад выглядам 240 літраў хімікаліяў.

Справа толькі распачатая. Вядома, што на мінулым тыдні ў Аўрыхскую пракуратуру – гэта ў раёне Ост-Фрызэн – на мяжы з Галяндыяй ўжо трапілі доказы, што тыя 240 літраў хімічнага рэчыва БМК альбо бэнзол-мэтыл-кетону, якія трапілі ў Нямеччыну зь Беларусі ёсьць ні чым іншым як сыравінай вядомага наркотыку.

У сьледчых ёсьць таксама доказы таго, што груз накіроўваўся ў Нідэрлянды, у адну з падпольных лябараторыяў і што з ўсяго гэтага БМК можна вырабіць амфэтаміну, у тым ліку ў выглядзе таблетаванага наркотыку экстазі прыкладна на 600 тысячаў эўра.

Што да БМК, то яго таксама хутчэй за ўсё вырабляюць у падпольных лябараторыях, але ўжо ў Беларусі і Расеі. Справа ў тым, што адрозна ад той жа Нямеччыны, дзе амфэтамін забаронены на працягу дзесяцігодзьдзяў, у краінах СНД гэты прэпарат – у Беларусі ён вядомы пад назвай фэнамін – да апошняга часу прадаваўся ў аптэках. І лекары звычайна рэкамэндавалі яго як сродак ад дэпрэсіі, як танізуючы сродак для кіроўцаў, спартоўцаў.

Фэнамін адкрыта выкарыстоўвалі многія воіны-афганцы для падтрыманьня волі ў часе баёў. Зусім нядаўна фэнамін прызналі моцным псіхатропным прэпаратам, яго забаранілі для вольнага выкарсытаньня. Аднак засталіся тэхналёгіі, вытворчасьці. І, зразумела, міжнародная наркамафія вельмі хутка ўсім гэтым скарысталася.

Як лічаць прадстаўнікі ўладаў Нямеччыны, сьляды вядуць да буйной міжнароднай групоўкі наркадзялкоў, якія стварылі сапраўдную сетку нелегальнай наркавытворчасцьці у Заходняй Эўропе, Беларусі, Расеі, іншых краінах СНД.

Гэта ўжо ня першы раз, калі Беларусі трапіла ў поле ўвагі нямецкай крымінальнай паліцыі. У адным са жнівеньскіх нумароў часопісу “Фокус” была зьмешчаная інфармацыя, што фэдэральнае ведамства па абароне Кансытуцыі ў Кёльне распачало справу супраць былога агента савецкага КГБ, які праз нямецкую аўтобусную фірму –дарэчы, яна вельмі вядомая ў Беларусі, паколькі ажыцяўляла рэйсы для чарнобыльскіх дзяцей– арганізаваў нелегальную транспартыроўку ў Менск шпіёнскіх матэрыялаў.

У адным з менскіх гатэляў гэтыя матэрыялы атрымліваў агент ФСБ, а затым сакрэтныя дасье накіроўваліся далей – у Маскву. Былы агент савецкага КГБ паходзіць зь Беларусі. Як мяркуююць у колах нямецкай выведкі, размова, хутчэй, за ўсё ідзе, пра вываз зь Нямеччыны сакрэтных архіваў савецкага КГБ.
XS
SM
MD
LG