Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ НЯ ЎДЗЕЛЬНІЧАЕ Ў ДЫЯЛЁГУ ПРА АБ’ЯДНАНЬНЕ ЭНЭРГАСЫСТЭМАЎ СНД І ЭЎРОПЫ

Валер Каліноўскі, Менск

У дыялёгу возьмуць удзел кіраўнік РАТ “ЕЭС” Анатоль Чубайс, генэральны дырэктар Эўрапейскай камісіі ў справах энэргетыкі і транспарту Франсуа Лямур’ё, кіраўнікі іншых эўрапейскіх электраэнэргетычных прамысловых і эксплюатацыйных аб’яднаньняў. Прадстаўнікоў ад Беларусі там ня будзе.

Як паведамляюць у РАТ “ЕЭС Расеі”, аб’яднаньне энэргасыстэмаў краінаў былога СССР і Цэнтральнай ды Заходняй Эўропы, стварэньне агульнага рынку элекраэнэргіі ёсьць прыярытэтнымі кірункамі ў стратэгіі энэргетычнага разьвіцьця як Расеі, гэтак і Эўразьвязу. Расея тут мае даволі сур’ёзныя пляны, зьвязаныя з экспартам сваёй электраэнэргіі — натуральна, праз тэрыторыю Беларусі.

Аднак ніхто зь Мінэнэрга Беларусі і канцэрну “Белэнэрга” ў заўтрашнім паседжаньні круглага стала ўдзелу ня возьме. І ў цэлым у дыялёгу наконт гэтай сапраўды глабальнай праблемы Беларусь пакуль ня ўдзельнічае. Гаворыць памочніца гендырэктара канцэрну “Белэнэрга” Людміла Грынюк:

(Грынюк: ) “Мы зь імі працуем, супрацоўнічаем, але пакуль раэальна мы яшчэ ня там”.

Людміла Грынюк кажа, што “Белэнэрга” знаходзіць супольную мову з усімі эўрапейскімі энэргетычнымі арганізацыямі, ва ўсіх тэхнічных пытаньнях, не прымешваючы сюды нейкай палітыкі.

Праблемай, якая перш за ўсё перашкаджае інтэграцыі з Трансэўрапейскай энэргетычнай сыстэмай і стварэньню агульнага электраэнэргетычнага рынку, ёсьць нерэфармаванасьць беларускай энэргетыкі, адсутнасьць рынкавых дачыненьняў у гэтай галіне ў прынцыпе. Тут няма ніякай канкурэнцыі, і пакуль яе не відаць у пэрспектыве. Цяпер гэта асаблівасьць выключна Беларусі, нідзе ў Эўропе такога больш няма, — прызнаў гендырэктар “Белэнэрга” Сяргей Белы.

У беларускім урадзе зразумелі ненатуральнасьць такога становішча і ўжо распрацоўваюць праект рэструктурызацыі беларускай энэргетыкі, але пакуль гэта толькі пляны.

Тым ня менш, у “Белэнэрга” ўпэўненыя ў пэрспэктыўнасьці супрацоўніцтва з аб’яднай энэргетычнай сыстэмай Эўропы, тым больш, што Расеі і Эўропе тут абмінуць Беларусь будзе цяжка. Але дзеля ўдзелу Беларусі ў падобнай інтэграцыі патрэбна разьвіваць электрасеткі. Гаворыць прэсавы сакратар Мінэнэрга Лілія Дулінец:

(Дулінец: ) “Транзытная інфраструктура энэргасыстэмы нашай рэспублікі ў заходняй частцы разьвітая недастаткова. І цяпер няма тэхнічнай магчымасьці для ажыцьцяўленьня паставак у вялікіх аб’ёмах электраэнэргіі ў Цэнтральную і Заходнюю Эўропу”.

Паводле спадарыні Дулінец зь Мінэнэрга, папярэднія напрацоўкі паказваюць, што патрэбная пабудова трох-чатырох дадатковых міждзяржаўных высакавольтных лініяў напружаньнем 400 кілавольт паміж Беларусьсю і Польшчай. Акрамя таго, трэба пашыраць і мадэрнізаваць энэргетычныя сувязі Беларусі з Расеяй і Ўкраінай, бо ад распаду СССР гэтыя сеткі не абнаўляліся.

Пакуль што прыкладамі Трансэўрапейскай электраэнэргетычнай інтэграцыі Беларусі зьяўляюцца два генэратары на Бярозаўскай ДРЭС, якія працуюць сынхронна з польскай энэргасыстэмай, і ажыцьцяўленьне расейскага транзыту праз Горадню, які мае вельмі нявялікія аб’ёмы.
XS
SM
MD
LG