Ва ўтульным невялічкім пакоі адбываецца ўрок беларускай мовы ў 22-й групе 9 клясы ліцэю. Ліцэісты сядзяць за сталамі шчыльна адзін ля аднаго і ўважліва слухаюць выкладчыцу, адказваюць на пытаньні. У пакоі крыху цеснавата, але гэта ліцэістаў не засмучае. Гаворыць Максім Русьць:
(Русьць: ) “Мы вучымся, як і вучыліся раней, калі былі ў ліцэі, бо жаданьне вучыцца, нашая прага да ведаў, гэта ўсё засталося. Натуральна, што ўзьнікаюць праблемы з памяшканьнем, часта недахоп нейкіх сродкаў ці проста недахоп месца. Але галоўнае, што ў нас ёсьць нашыя настаўнікі, і засталіся тыя праграмы, што былі. Нам выстаўляюцца адзнакі, праводзяцца розныя праверачныя працы”.
Пасьля таго, як ліцэістам было забаронена вучыцца ў Доме літаратара і касьцёле сьвятых Сымоны і Алены, ліцэісты не афішуюць сваіх цяперашніх месцаў навучаньня. Яны вучацца фактычна ў кансьпіратыўных умовах — у розных месцах, у розны час. Распавядае Таня Андрасовіч:
(Андрасовіч: ) “Расклад нашых кансультацыяў звычайны, але неаднолькавы ва ўсе дні. У панядзелак заняткі могуць пачынацца а восьмай гадзіне, у пятніцу — а першай. Вучымся мы трохі больш часу, чым раней, але заняткі тыя ж самыя, тыя ж самыя гадзіны, перапынкі ёсьць”.
Выкладчыца беларускай мовы Валянціна Сіўковіч лічыць самым складаным у цяперашняй сытуацыі значнае павелічэньне адказнасьці выкладчыкаў і саміх ліцэістаў — за кожны крок, за кожнае слова:
(Сіўковіч: ) “Цяжка выкладчыкам, таму што ня ведаеш, зможаш ты сёньня напісаць кантрольную работу ці не. Прыкладам, ужо было так, што ў Доме літаратара замкнулі нашыя кніжкі, кантрольныя. Замкнулі мае пляны, і я чатыры дні не магла іх атрымаць. А так у нас усё, як і было. У нас дыскатэкі ладзяцца, агульныя мерапрыемствы, сьвяты праводзяцца ў ліцэі. Усё, як мае быць”.
Падчас нашай гутаркі з Валянцінай Сіўковіч у памяшканьне заходзіць Уладзімер Колас — ён прыйшоў паглядзець, як ідуць заняткі. Спадар Колас гаворыць, што расьце абурэньне і выкладчыкаў, і ліцэістаў, і іхных бацькоў тым, што абсалютна прыдатны для навучальнага працэсу будынак стаіць пусты, зачынены, у ім нічога ня робіцца, а больш за 120 дзяцей вымушаныя вучыцца ледзь не на двары.
Уладзімер Колас прыгадвае выпадак, калі расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін запрасіў да сябе хлопчыка з Латвіі ў Крэмль, таму што ў Латвіі яму забараняюць вывучаць родную расейскую мову. А ў Беларусі 120 здольных дзяцей, якія хочуць вучыцца на роднай мове, пазбаўленыя гэтага права, і нікога з афіцыйных уладаў гэта не клапоціць, — адзначае Ўладзімер Колас.