Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што пашырэньне кааліцыі стала вынікам правільна абранай тактыкі, калі ініцыятары адразу не сьпяшаліся прыцягнуць да сябе як мага больш партнэраў:
(Лябедзька: ) “Мы прынялі тактыку — малымі крокамі да вялікіх вынікаў. І пачыналі з самага малога. Калі яно апраўдвалася, замацоўвалася, дык мы ўздымаліся на больш высокую прыступку. І тады казалі: трэба вырашаць пытаньні і з моладзевымі арганізацыямі, і з прафсаюзамі, і зь няўрадавымі арганізацыямі. На сёньняшні дзень гэта ўжо дзясяткі суб’ектаў. Адзінае, што пяць палітычных партыяў як бы захоўваюць за сабой ініцыятыву. Фактычна ўжо закладзены падмурак даволі шырокай народнай кааліцыі, у якую ўваходзяць дзясяткі суб’ектаў: шэраг моладзевых арганізацыяў, грамадзкія арганізацыі, прафсаюзы, дэпутацкая група “Рэспубліка”.
Усьлед за штабам на ўзроўні краіны, сумесныя арганізацыі створаныя ў Магілёўскай і Менскай абласьцях, дзе да іх далучаюцца розныя суб’екты грамадзянскай супольнасьці рэгіянальнага ўзроўню. 15 кастрычніка вырашана больш увагі надаваць гэтай працы на ўзроўні раённых цэнтраў.
Адметна, што да гэтага часу да дэмакратычнай кааліцыі не далучылася Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Народная грамада”. Яе лідэр Мікола Статкевіч лічыць, што нельга разьлічваць на посьпех, калі кааліцыя ня мае станоўчай праграмы, а спадзяецца толькі на крытыку ўладаў. На думку спадара Статкевіча, спачатку трэба абавязкова мець агульную ідэю:
(Статкевіч: ) “Тут альтэрнатывы наступныя: альбо ўся апазыцыя аб’ядноўваецца пад ідэю нейкую (гэта можа быць і іншая ідэя), але тая, якая б давала нам папулярнасьць. Мы прапаноўваем ідэю Эўрапейскага Зьвязу, рэальных альтэрнатываў мы ня чулі. Альбо тады будзе некалькі кааліцыяў. Цяпер, ужо кажуць, фармуюцца тры кааліцыі, і яны разам утвораць мяккую кааліцыю”.
14 кастрычніка лідэры дэмакратычнай кааліцыі сустракаліся з прадстаўнікамі камісіі ЗША ў справе бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, таксама вядомай пад назовам Хэльсынскай камісіі ЗША — Рональдам Макнамарам и Арэстам Дзіячкоўскім, якія былі з рабочай паездкай у Беларусі. Сярод розных тэмаў закраналася і парлямэнцкая выбарчая кампанія.