Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЗЭТУ “НАВІНКІ” АДМОВІЛІСЯ ДРУКАВАЦЬ УСЕ МЕНСКІЯ ДРУКАРНІ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Фармальна ўсе друкарні спаслаліся на вялікую загружанасьць сваіх магутнасьцяў. А “Чырвоная зорка” спасылаецца яшчэ на тое, што “Навінкі” некалькі месяцаў не выходзілі, і таму газэты няма ў плянах на чацьверты квартал. Дырэктар друкарні Ігар Маланяк адмаўляецца камэнтаваць сытуацыю для мэдыяў:

(Маланяк: ) “Гэта зьяўляецца канфідэнцыйнай інфармацыяй”.

(Карэспандэнт: ) “То бок, газэта гэтая ня выйдзе ў вас у “Чырвонай зорцы”?”

(Маланяк: ) “Ня ведаю пакуль, ня ведаю”.

А вось галоўны рэдактар “Навінак” Паўлюк Канавальчык цьвердзіць, што яшчэ ў верасьні папярэдзіў друкарню “Чырвоная зорка” пра аднаўленьне выхаду газэты.

Як вядома, выхад “Навінак” і “Белорусской деловой газеты” быў прыпынены на тры месяцы рашэньнем суду пасьля двух папярэджаньняў Міністэрства інфармацыі. Гэта адбылося яшчэ ў траўні. Калі “БДГ” здолела аднавіць выхад адразу пасьля вызначанага тэрміну, дык “Навінкі” толькі нядаўна падрыхтавалі чарговы нумар. Вось як ацэньвае сам Паўлюк Канавальчык сытуацыю, якая склалася:

(Канавальчык: ) “Мы цяпер знаходзімся ў сытуацыі, калі юрыдычна маем права на існаваньне і легальную працу. А фактычна ня маем ні як зьняць офіс, ні як надрукаваць свой нумар, ні як распаўсюджваць афіцыйна”.

Паўлюк Канавальчык кажа, што ў скрайнім выпадку газэта можа выходзіць і нелегальна. Бо пачыналася праца “Навінак” менавіта з “самвыдату”. Але за свае правы рэдакцыя плянуе змагацца. У тым ліку — з дапамогай суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG