Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРАЦЬБА З КАРУПЦЫЯЙ У БЕЛАРУСІ ПРАЦЯГВАЕЦЦА

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня кіраўнікі міліцэйскага міністэрства і абласных ды гарадзкіх управаў беларускай міліцыі зьбяруцца на агульную нараду, гэтак званую калегію, прысьвечаную самым праблемным сфэрам барацьбы са злачыннасьцю. Супрацоўнік прэсавай службы рэспубліканскай міліцыі Віктар Новікаў гэтак выклаў парадак дня нарады:

(Новікаў: ) “На калегіі будуць разглядаць пытаньні расьсьледаваньня справаў карупцыі ў прыярытэтных галінах эканомікі, а таксама дзеяньні супрацоўнікаў у абароце незаконных наркатычных сродкаў і гандлю людзьмі з мэтай сэксуальнай эксплюатацыі”.

Цікава, аднак, што міліцыянт не патлумачыў, у якія прыярытэтныя галіны эканомікі гэтак пранікла карупцыя, што праблемай прыйдзецца займацца на самым версе. “Усе факты — пасьля калегіі”, — сказаў Радыё Свабода спадар В.Новікаў.

Сакрэтнасьць што да фактаў карупцыі стала звычайнай у беларускіх умовах. Назіральнікі даўно адзначаюць, што карупцыяй ў Беларусі лічыцца зусім ня тое, што ва ўсім сьвеце. За межамі Беларусі карупцыянэрамі лічаць выключна дзяржаўных ці партыйных чыноўнікаў, якія за грошы аказваюць незаконныя паслугі. Але ў Беларусі, дзе дзяржаве належыць амаль 90% эканомікі, карупцыянэрамі найчасьцей аказваюцца гаспадарчыя кіраўнікі. Прычым заўважана: толькі буйны гаспадарнік зацікавіцца палітыкай, як раптам робіцца нібыта карупцыянерам.

Гэтак яшчэ да суду карупцыянэрам быў абвешчаны былы дырэктар Менскага трактарнага заводу Міхаіл Лявонаў, таксама да карупцыянэраў афіцыйная прапаганда аднесла былога дырэктара заводу лядоўняў Леаніда Калугіна. І той і другі былі патэнцыйнымі кандыдатамі на прэзыдэнта Беларусі.

Назіральнікі адзначаюць, што барацьба з карупцыяй у Беларусі як была падчас прэзыдэнцкіх выбараў, гэтак і застаецца найперш палітычнай кампаніяй. Яна чарговы раз падымаецца, калі падае рэйтынг найвышэйшай улады. Адзначаецца таксама, што за прамінулыя дзевяць гадоў за карупцыю ня сеў у турму ніводны міністар ці адказны кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта.

Паводле апошніх дасьледаваньняў міжнародных экспэртаў, Беларусь узроўнем карумпаванасьці на 56-м месцы ў сьвеце. Гэта найлепшы паказчык сярод краінаў СНД, але горшы ў параўнаньні з нашымі суседзямі, акрамя Расеі і Ўкраіны. У параўнаньні зь леташнім рэйтынгам карумпаванасьці Беларусь на два радкі апусьцілася, што замоўчвае афіцыйная прапаганда.
XS
SM
MD
LG