Некалькі расейскіх інфармацыйных агэнцтваў (РИА-Новости, ИТАР-ТАСС, Інтэрфакс), падаючы гэтую інфармацыю, спасылаюцца на ацэнкі ананімных крамлёўскіх крыніцаў. Выглядае, што крыніца – адная і тая, бо фармулёўкі супадаюць літаральна.
Паводле гэтай самай крыніцы неафіцыйная частка перамоваў, на якой абмяркоўваліся валютная інтэграцыі і канстытуцыйны акт, праходзіла амаль у тым жа складзе, што і афіцыйная, дзе размова ішла пра такія надзённыя пытаньні, як саюзны бюджэт і сьвяткаваньне 60-й гадавіны перамогі.
На пытаньне, чаму пытаньні валюты і канстытуцыйнага акту нельга было абмеркаваць падчас афіцыйнай часткі паседжаньня, крамлёўская крыніца адказала: “Бессэнсоўна выносіць на паседжаньне пытаньні, па якіх бакі пакуль нават блізка не падыйшлі да згоды”.
Суразмоўца заявіў, што не існуе праекту Канстытуцыйнага акту, які б задавальняў і Расею, і Беларусь. Больш таго – крамлёўскі чыноўнік сказаў, што адзінага праекту не існуе. Ёсьць рабочая група на чале са сьпікэрам расейскай Дзярждумы Селязьнёвым, і групы мае шмат праектаў, у там ліку і праект самога Селязьнёва.
Паводле ананімнага крамлёўскай крыніцы, “дзьве розныя паводле памераў краіны ня могуць зьлівацца цалкам на роўных, гэты варыянт непрымальны, зьліцьцё магчымае ў межах Расеі”.
Нагадаем, што напярэдадні сёньняшняй сустрэчы Аляксандар Лукашэнка заявіў, што інтэграцыя Беларусі і Расеі магчымая толькі на падмурку роўнапраўнасьці.
Дарэчы, адказваючы на пытаньне пра прычыны сытуацыі, якая складася ў двухбаковых адносінах, крыніца агенцтваў адказала: “Я мяркую, што Аляксандра Лукашэнку хвалюе ягонае ўласнае палітычнае месца ў будучай канструукцыі саюзнай дзяржавы”.
Крамлёўская крыніца расейскіх інфармацыйных агенцтваў канстатавала таксама няўдачу перамоваў пра пераход Беларусі на расейскі рубель. Ён не выключае, што Расеі давядзецца пачаць перамовы зь Менскам пра вяртаньне крэдытаў, выдадзеных дзеля стабілізацыі беларускага рубля напярэдадні валютнага аб’яднаньня.
Калі галоўныя расейскія агенцтвы дружна агучваюць меркаваньне нейкай ананімнай крамлёўскай крыніцы, звычайна гэта азначае, што такім шляхам даводзіцца неафіцыйны, але рэальны пункт гледжаньня Крамля.
Ананімнасьць захоўвае свабоду манэўру. Аднак са зьместу паведамленьняў агенцтваў вынікае заканамернасьць таго факту, што і падчас сёньняшніх беларуска-расейскіх перамоваў канстытуцыйны акт быў ізноў адкладзены.