Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКСПЭРТЫ МАГАТЭ НАВЕДАЛІ БЫЛУЮ РАКЕТНУЮ БАЗУ “ГОМЕЛЬ-30”

Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Калі Беларусь набыла самастойнасьць, згаданую базу зьліквідавалі. Вайсковая часьць зьехала ў Расею. У лесе застаўся жылы гарадок. У былых казармах ня так даўно разьмясцілі папраўчую калёнію Міністэрства ўнутраных спраў.

Тут застаўся палігон шкодных адкідаў, які, напэўна, у першую чаргу цікавіў экспэртаў МАГАТЭ і прыехаўшых зь імі адмыслоўцаў Мінатапраму Расеі.

Атрымаць які-небудзь камэнтар ад мясцовых уладаў, управаў надзвычайных сытуацыяў не ўдалося. Ніхто зь іх ня ведае пра гэты візыт. Прэсавыя службы міністэрстваў таксама ня маюць інфармацыі.

Паколькі МАГАТЭ займаецца выключна ядзернай энэргіяй і бясьпекай крыніцаў радыёактыўнага выпраменьвання, я вырашыў пацікавіцца ў абласным Цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі, ці магчыма, што на былой савецкай базе захоўваюцца нейкія радыёктыўныя адкіды?

Намеснік галоўнага ўрача абласнога Цэнтру Ўладзімер Бартноўскі запэўніў, што ядзерных адкідаў не павінна быць.

(Бартноўскі: ) “Радыяцыі там няма і ніколі не было. Ядзерныя боегалоўкі не ўяўляюць небясьпекі, хіба толькі, калі іх расьпілоўваць на часткі і раскідваць напаўняльнік. Што датычна кампанэнтаў ракетнага паліва, якія звычайна неўтралізуюць, то можа і засталіся нейкія сьляды. Але гэта не ўваходзіць у кампетэнцыю МАГАТЭ. МАГАТЭ гэтым ніколі не займалася”.

У пасялковым савеце Зарэчча, так называецца цяпер колішні “Гомель-30”, згадваюць, што былыя сховішчы перадаюць цяпер на балянс папраўчай калёніі.

У гэтай сувязі некаторыя спэцыялісты ў справах надзвычайных сытуацыяў мяркуюць, што акурат ў падземных сховішчах можа быць устаноўленая для выпрабаваньняў адмысловае абсталяваньне. Збудаваньні надзейныя, рабочая сіла – побач, у калёніі. Вось экспэрты МАГАТЭ і Мінпраматаму Расеі і ацэньваюць магчымасьці ўстаноўкі гэткага абсталяваньня. Аднак гэта, паўтаруся, гэта толькі прыватныя меркаваньні некаторых адмыслоўцаў.
XS
SM
MD
LG