Пачынаючы паседжаньне найвышэйшай дзяржаўнай рады Беларусі й Расеі, Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што “было б памылкай ня бачыць сур’ёзных аб’ектыўных праблемаў, якія ўзьніклі на шляху саюзнай дзяржавы”, што “пэрыяд пасьля студзеньскага паседжаньня быў няпростым для двухбаковых дачыненьняў”. Пасьля гэтага Ўладзімер Пуцін спакойна распавёў пра важнасьць саюзнага бюджэту для двухбаковай інтэграцыі.
Нечакана выявілася, што бакі адмовіліся ставіць на парадак дня паседжаньня самыя вострыя пытаньні. Прычына — відавочная розьніца падыходаў двух бакоў да іх вырашэньня. Гэта несумненна выклікала б спрэчкі, якія ўжо выявіліся паміж прэм’ерамі Касьянавым і Сідорскім на нядаўнім паседжаньні так званага саюзнага саўміну. Хаця спачатку беларускі бок настойваў, што без абмеркаваньня тэмаў увядзеньня расейскага рубля, Канстытуцыйнага акту і, галоўнае, умоваў газавых паставак у Беларусь размова губляе сэнс. Але Менск вымушаны быў адступіцца, каб не ствараць яшчэ адной інфармацыйнай падставы казаць пра чарговы правал у саюзьніцкіх дачыненьнях. Гаворыць Аляксандар Лукашэнка:
(Лукашэнка: ) “У нас адсутнічае на парадку дня праект канстытуцыйнага акту і праект пагадненьня аб увядзеньні расейскага рубля. Але гэта ня значыць, як тут журналісты мяне дапрошвалі ў аэрапорце, што мы ня будзем чапаць гэтых пытаньняў. Мы вырашылі правесьці дыскусію, і мы сёньня пагаворым — і думаю, што пасьля сёньняшняга дня мы значна наблізімся да разьвязаньня гэтых праблемаў”.
Аляксандар Лукашэнка паабяцаў не адступаць ад сёньняшніх інтэграцыйных рубяжоў і пахваліўся ростам таваразвароту паміж Расеяй і Беларусьсю.
Усе пытаньні, вынесеныя на парадак дня, былі даволі хутка разгледжаныя: аб бюджэце, аб падрыхтоўцы да сьвяткаваньня 60-годзьдзя перамогі, аб праграме ўзгодненых дзеяньняў у галіне зьнешняй палітыкі.
Наступнае паседжаньне прызначылі на люты 2004 году. Да гэтага часу бакі дамовіліся правесьці яшчэ адну нараду, прысьвечаную менавіта праблемным пытаньням двухбаковых дачыненьняў. Урадам даручана прааналізаваць ход выкананьня раней дасягнутых дамоўленасьцяў.
Афіцыйна беларускім бокам паведамляецца, што па-за рамкамі паседжаньня найвышэйшай дзяржаўнай рады прэзыдэнты Расеі й Беларусі ўсё ж абмеркавалі тэмы адзінай валюты і канстытуцыйнага акту, але ніякага рашэньня прынята не было. Аб нейкіх істотных выніках сёньняшніх перамоваў прэсавая служба Ўладзімера Пуціна нічога паведаміць не змагла. Такім чынам, адмоўны вынік сьведчыць перш за ўсё пра тое, што рэалізацыя праекту ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі прынамсі адкладваецца, упэўнены незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук:
(Раманчук: ) “Гэта азначае, што з 1 студзеня 2005 году расейскага рубля ў Беларусі ня будзе. Таму што нават тэхнічна Расея ня зможа зрабіць тых захадаў, каб увесьці расейскі рубель у Беларусі. І ўжо ў кулюарах расейскія палітыкі ва ўрадзе, нават у Думе гавораць што праект “расейскі рубель у Беларусі” пахаваны да таго часу, калі ў Беларусі будзе іншы ўрад і калі можна будзе размаўляць зь Беларусьсю як з эканамічным партнэрам”.
Яраслаў Раманчук таксама назваў марнымі разьлікі беларускага боку дабіцца ранейшых ільготных цэнаў на расейскі газ, што меркавалі зрабіць на гэтым паседжаньні.