Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЯРХОЎНЫМ СУДЗЕ РАСПАЧАЎСЯ ПРАЦЭС У СПРАВЕ ЛІКВІДАЦЫІ “ФОНДУ БРАТОЎ ЛУЦКЕВІЧАЎ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Галоўным абвінавачаньнем Мінюсту супраць “Фонду братоў Луцкевічаў” стаў не належным чынам аформлены юрыдычны адрас арганізацыі. Такім адрасам лічылася прыватная кватэра старшыні фонду Анатоля Гурыновіча, што забаронена цяперашнім заканадаўствам. З гэтай прычыны Мінюст накіраваў фонду папярэджаньне, загадаўшы ў двухтыднёвы тэрмін знайсьці іншы адрас.

Але кіраўніцтва арганізацыі гэтага папярэджаньня так і не атрымала і азнаёмілася зь ім толькі ў судзе. А тым часам чыноўнікі Міюсту ўжо падрыхтавалі пазоў у суд. Гаворыць галоўны спэцыяліст Мінюсту Аляксандар Харытон:

(Харытон: ) “У Міністэрства юстыцыі не было ніякага іншага выйсьця дзеля таго, каб выканаць пастанову ўраду. І таму зрабілі іншыя захады дзеля рэалізацыі пастановы. Такім захадам стаў пазоў у суд аб ліквідацыі”.

Пасьля да гэтага абвінавачаньня супраць фонду чыноўнікі далучылі й іншыя — такія як неадпаведная ўзору пячатка, неправамоцнае правядзеньне аднаго са сходаў арганізацыі, а таксама ажыцьцяўленьне экалягічных праграмаў, што нібыта супярэчыць статутнай дзейнасьці фонду.

Старшыня арганізацыі Анатоль Гурыновіч у Вярхоўным судзе па пунктах абвяргаў гэтыя абвінавачаньні. На ягоную думку, “Фонд братоў Луцкевічаў” не вінаваты ў тым, што Мінюст зарэгістраваў арганізацыю па цяперашнім юрыдычным адрасе. А пячатка арганізацыі і сход яе сяброў дагэтуль былі прызнаныя мінюстаўскімі чыноўнікамі як легітымныя. Падчас судовага перапынку Анатоль Гурыновіч сказаў у інтэрвію Беларускай Свабодзе:

(Гурыновіч: ) “У гэтым выпадку я ўбачыў, што проста прыцягваюцца за вушы факты, называюцца нейкія асобы, якія павінны былі камусьці нешта расказваць. Гаварылася, што было сказана камусьці пра парушэньні. Але дзе тыя пацьверджаньні, што было сказана. Ну, усё гэта паказвае, што Міністэрства юстыцыі не абараняе грамадзкія арганізацыі, а зьяўляецца карным інструмэнтам — каб гэтыя грамадзкія арганізацыі разграміць”.

Старшыня “Фонду братоў Луцкевічаў” перакананы, што перад Мінюстам пастаўленая задача ліквідаваць усе найбольш актыўныя беларускія арганізацыі трэцяга сэктару. Разгляд пазову супраць “Фонду братоў Луцкевічаў” працягваецца. Рашэньне ў гэтай справе будзе днямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG