Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“РЭСПУБЛІКА” І АГП РАСПАЧЫНАЮЦЬ АНТЫКАРУПЦЫЙНУЮ КАМПАНІЮ “ЧЫСТЫ ГОРАД”


Уладзімер Глод, Менск

Мэта гэтай кампаніі — ачышчэньне беларускай сталіцы ад карупцыі. А канкрэтнай падставай для яе стала праверка ўнітарнага дзяржаўнага прадпрыемства “Дзяржснаб Менгарвыканкаму”.

Дэпутат Уладзімер Парфяновіч, якому сталі вядомыя шматлікія парушэньні ў дзейнасьці ўзгаданай структуры, выяўленыя некалькімі кантрольнымі арганізацыямі, яшчэ13 жніўня зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі зь лістом. Дэпутат прасіў кіраўніка дзяржавы паведаміць, якія меры будуць ужытыя дзеля навядзеньня парадку ў сталіцы. Спадар Парфяновіч, дарэчы, прапаноўваў дзеля аб’ектыўнай праверкі часова адхіліць ад выкананьня абавязкаў кіраўніцтва Менску.

Дэпутату стала вядома, што 18 жніўня Аляксандар Лукашэнка загадаў старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Анатолю Тозіку і генэральнаму пракурору Беларусі Віктару Шэйману “пільна праверыць факты, якія былі выкладзеныя ў лісьце Парфяновіча”. Аднак адказу ад гэтых асобаў дэпутат так і не атрымаў, хаця згодна са статусам дэпутата, яму мусяць адказаць на працягу аднаго месяца.

Таму спадар Парфяновіч палічыў магчымым зьвярнуцца да журналістаў:

(Парфяновіч: ) “Беларусь зьяўляецца карумпаванай дзяржавай. І пра гэта мусяць ведаць усе. Патрэбна заўжды змагацца за чысьціню і празрыстасьць усіх працэсаў, што праходзяць у краіне. Грамадзкі кантроль павінен быць. Калі будзе грамадзкі кантроль, калі людзі будуць ведаць аб усіх фактах, тады ня будзе ні ў кога ніякага сумневу”.

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук так абгрунтоўвае неабходнасьць выключыць органы дзяржаўнага кіраваньня са складу заснавальнікаў камэрцыйных структураў:

(Раманчук: ) “Тут дзьвюх думак быць ня можа, таму што стварэньне падобных структураў дзяржаўнага гандлю, дзяржаўнага заказу прыводзіць да таго, што людзі замест каб плаціць за нешта адзін даляр, адзін рубель, плацяць тры альбо чатыры. І таму мы прыходзім да таго, што замест каб збудаваць тры дамы, будуем толькі адзін. І вось мы падлічылі, што стварэньне такіх структураў ва ўсёй краіне каштуе нам 5–7% суупнага ўнутранага прадукту. Калі пералічыць на грошы, гэта страты для бюджэту каля 750 мільёнаў–1 мільярду даляраў. Калі няма грошай у бюджэце, калі Расея ўздымае нам цэны на газ, трэба, безумоўна, шукаць крыніцы фінансаваньня перадусім у той сыстэме арганізацыі гандлю, у той сыстэме фінансаваньня, якая створаная ў Беларусі”.

Журналістам спадар Парфяновіч сказаў, што яго падштурхнула да такога кроку ягоная грамадзянская і дэпутацкая пазыцыя:

(Парфяновіч: ) “Адна пазыцыя — галасаваць згодна з уласным сумленьнем. Іншай пазыцыі ў мяне сёньня няма. Я веру, што я абраў правільны шлях. І іншага, як дэпутат, шляху ня бачу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG