Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ЗАЯВІЛІ, ШТО АЦЯПЛЯЛЬНЫ СЭЗОН РАСПАЧАЎСЯ


Юлія Шарова, Менск

На дварэ каля 7 градусаў цяпла. Ля ганку 23-й менскай дзіцячай паліклінікі — паўтара дзясятка вазкоў. Звычайна іх два-тры, але з прыходам халадоў колькасьць маленькіх пацыентаў рэзка ўзрасла. Пра гэта мне сказалі ў рэгістратуры паліклінікі.

(Жанчына з рэгістратуры: ) “Так, калі пахаладала, колькасьць канечне ж павялічылася. І ў кватэрах халодна, і ў паліклініцы, і на вуліцы. Павялічылася колькасьць амаль напалову. Усе з прастудамі”.

Дзіця маладой маці Вольгі загартаванае — не прастуджаецца. Але холад усё адно пераносіць цяжка.

(Вольга: ) “Ні падгузьнік не памяняць, нічога немагчыма зь імі зрабіць. Купаць даводзіцца ўжо ў лазенцы беднае дзіця, бо халодна. Хочацца, каб яны хутчэй пачалі ацяпляць. Самім халодна распранацца ўвечары перад сном, і малога намагаесься нанач неяк цяплей апрануць. Нават пад коўдрай усё ж халаднавата”.

На аб’ектах сацыяльнай сфэры ацяпленьне ўключылі ўчора. У дзіцячым садку-ясьлях №477 сёньня цёпла, батарэі цалкам прагрэліся. Але ж дзеці прыходзяць сюды з халодных кватэраў, і такія перапады тэмпэратуры на іх уплываюць яшчэ горш, чым пастаянны холад. Гаворыць загадчыца садку Тамара Асіпенка:

(Асіпенка: ) “Тут тэмпэратура адна, у дамах зусім іншая. Канечне, гэта адбіваецца на дзецях. Цяпер колькасьць хворых павялічылася. У адной групе зь дзесяці чалавек учора было толькі пяць. Палова дзяцей захварэла”.

Супрацоўнікі сталічных унівэрмагаў гавораць пра рэзкае павелічэньне попыту на пабытовыя абагравальнікі. Попыт на алейныя радыятары, якія не паглынаюць кісларод, за апошнія дні ўзрос адсоткаў на 80. Калі раней яшчэ трапляліся танныя тавары, то цяпер у ГУМе, ЦУМе ды іншых буйных крамах стаяць толькі абагравальнікі коштам 80–100 даляраў.

Зрэшты, для тых, хто грошай на абагравальнікі ня мае, ёсьць іншы спосаб ацяпляць памяшканьне — паліць газ. Няхай і кісларод спальваецца, затое танна. Па тэлевізіі тым часам круцяцца ролікі сацыяльнай рэклямы, аўтары якіх заклікаюць насельніцтва ашчаджаць блакітнае паліва й своечасова за яго плаціць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG