Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСК НЯ ЖАДАЕ ПАЛЯПШЭНЬНЯ ДАЧЫНЕНЬНЯЎ З БЭРЛІНАМ


Ул. інф.

Тым часам кіраўніцтва самай масавай у Нямеччыне сацыял-дэмакратычнай партыі распаўсюдзіла праз каналы нямецкіх СМІ сваё тлумачэньне ў зьвязку з афіцыйнай нотай пратэсту СДПН на адрас беларускага ўраду. Гэты пісьмовы пратэст беларускі МЗС атрымаў пры канцы мінулага тыдня.

Франк Шаўф, адказны супрацоўнік Управы СДПН у справах Усходняй Эўропы, не спадзяецца на нейкую хуткую рэакцыю з боку афіцыйнага Менску. Ён нават ня ўпэўнены, што кіроўная ў Нямеччыне партыя ўвогуле атрымае нейкую рэакцыю ад беларускага кіраўніцтва.

Зразумела, камэнтаваць усё тое, што робіцца ўнутры сувэрэннай Беларусі ня ёсьць кампэтэнцыяй нямецкіх сацыял-дэмакратаў, — лічыць спадар Шаўф. Але ж у любым выпадку для немцаў відавочна наступнае:

(Шаўф: ) “Мы канстатуем, што беларускі бок ня мае ніякай цікавасьці да супрацоўніцтва зь Нямеччынай і з самай масавай нямецкай партыяй, што ў Менску ўвогуле ня маюць жаданьня палепшыць гэтыя праблематычныя дачыненьні. Зразумела, Гэрхард Шродэр як лідэр СДПН і Бундэсканцлер Нямеччыны пра гэта добра паінфармаваны”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Шаўф, з заявы для прэсы вынікае, што СДПН абураная тымі сюжэтамі Беларускага тэлебачаньня, дзе сябры партыі параўноўваюцца з прадстаўнікамі нэанацысцкіх груповак. “Гэтае абвінавачаньне ёсьць хлусьівым і нечуваным”, — гаворыцца ў дакумэнце. Ці ня лічыце вы, што такім чынам у Менску ствараюць зь Нямеччыны вобраз ворагу, як гэта робіцца ўжо на прыкладзе ЗША?”

(Шаўф: ) “Я не хацеў бы камэнтаваць гэта. Аднак я сам глядзеў тое відэа Беларускага тэлебачаньня. Гэта было відавочна, што БТ хацела паказаць сувязь нашых маладых сяброў СДПН (мы іх ведаем як людзей з узьнёслымі мэтамі) з нэафашысцкімі групоўкамі ў Нямеччыне альбо радыкальнымі экстрэмістамі ў Беларусі. Такі падыход, з нашага гледзішча, ёсьць надзвычай праблематычным”.

(Карэспандэнтка: ) “У тэксьце заявы кіраўніцтва СДПН ёсьць словы, што дзеяньні беларускага ўраду ня толькі ўскладняюць дачыненьні паміж Нямеччынай і Беларусьсю, аднак і праліваюць сьвятло на ўнутраную палітычную сытуацыю ў Беларусі”.

(Шаўф: ) “Гэта ня ёсьць сакрэтам. Пра гэта рабілі заявы і Эўразьвяз, і Бундэстаг. Наша партыя таксама назірае за ўсім тым, што робіцца ў Беларусі. Гэта тычыцца сытуацыі вакол прэсы і вакол апазыцыйных аб’яднаньняў. Гэтыя пазыцыі артыкуляваліся Эўропай і раней. І як вынік, паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу няма кантактаў на вышэйшым узроўні. На жаль, нічога не мяняецца. І я ня бачу нейкіх падставаў унутры Беларусі, каб гэтая сытуацыя магла зьмяніцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG