Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФЭСАР БАНДАЖЭЎСКІ ПЕРАНЕС У ТУРМЕ АПЭРАЦЫЮ

Казімер Яноўскі, Гомель

Яшчэ напачатку кастрычніка ў лісьце зь няволі прафэсар Бандажэўскі паведамляў жонцы, што адчувае сябе дрэнна. Пачаліся болі ў жываце. Напачатку асуджаны прафэсар меркаваў, што болі зьвязаныя з сэзонным абвастрэннем страўнікавай хваробы і дрэнным турэмным харчаваньнем.

Калі ж болі лякалізаваліся і падвысілася тэмпэратура, прафэсар стаў казаць пра запаленьне апэндыцыту, прасіў зрабіць хаця бы аналіз крыві. Аднак у турэмным шпіталі спасылаліся на адсутнасьць лябаранта.

Жонка прафэсара Галіна Бандажэўская стала скардзіцца ў Камітэт выкананьня пакараньняў на адсутнасьць належнай мэдычнай дапамогі.

(Бандажэўская: ) “У канцы ліста была прыпіска: не турбуйся, мяне паклалі ў шпіталь. Ліст ад мужа я атрымала толькі ў суботу, 4 кастрычніка, калі вярнулася з працы пасля прыёму хворых у паліклініцы. А прыкладна праз паўгадзіны мне двойчы патэлефанавалі сваякі асуджаных, што мелі сустрэчу ў гэты дзень у менскай турме. Паведамілі, што мой муж знаходзіцца ў шпіталі ў цяжкім стане. Яму зробленая апэрацыя. Падрабязнасьці ня ведалі, сказалі толькі , што ў вельмі цяжкім стане”.

Як высьветлілася, прафэсару са спазьненнем зрабілі апэрацыю на апэндыцыт. Складанасьці абумоўлены запозненай хірургічнай дапамогай.

Праўда, турэмная адміністрацыя дазволіла Галіне Бандажэўскай нечарговую сустрэчу і перадачу прадуктаў хвораму прафэсару.

З францускай дыпляматычнай місіі жонцы прафэсара паведамілі, што амбасадар Францыі Стэфан Шмялеўскі накіраўваў Міністэрству замежных спраў Беларусі ноту. У ноце амбасадар выказаў занепакоенасьць станам здароўя прафэсара Бандажэўскага і просьбу палепшыць умовы ягонага ўтрыманьня.

Амбасада лічыць, што Юры Бандажэўскі падвергся пакараньню за правядзеньне сваіх навуковых дасьледаваньняў у справе вызначэньня ўзьдзеяньня радыяцыі на арганізм чалавека.

Нядаўна Галіна Бандажэўская даслала ў турму мужу тэлеграму з добрай навінай. У іх зьявіўся ўнук. Старэйшая дачка Бандажэўскіх Вольга, дарэчы, дыплямаваны ўрач, нарадзіла дзяўчынку.
XS
SM
MD
LG