Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: НОВЫ НАСТУП НА ПРАФСАЮЗЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Канах: ) “Маю пасаду старшыні прафкаму менскага мэтрапалітэна скарацілі, калі адбыўся страйк працаўнікоў мэтро. Гэта зрабіў родны прафсаюз працаўнікоў чыгуначнага транспарту. Лічу гэта фактычным звальненьнем, якое безумоўна парушала і тагачаснае заканадаўства, і прафсаюзны статут.”

Падзеі, якія згадаў Мікалай Канах, віцэ-прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, адбываліся ў 1995 годзе. Усяго каля 800 працаўнікоў менскага мэтро, прычым ня толькі машыністы, як падавалі дзяржаўныя мэдыі, бралі ўдзел ў тым стайку. Гэта значыць, страйкаваў кожны другі рабочы.

Людзі дамагаліся выкананьня адміністрацыяй калектыўнай дамовы, якая агаворвала ня толькі аплату, але і ўмовы працы, гарантавала захаваньне розных сацыяльных правоў. А ў працоўны канфлікт ўмяшаліся беларускія ўлады. На іхнае патрабаваньне адміністрацыя мэтро звольніла з працы каля 100 машыністаў, старацілі працу і арганізатары страйку, у тым ліку і Мікалай Канах.

Гэтую гісторыю варта было згадаць у зьвязку з новай хваляй рэпрэсіяў супраць прафсаюзных актывістаў, якая назіраецца на дзяржаўных прадпрыемствах Беларусі. Паводле Мікалая Канаха, шмат дзе адміністрацыя наладзіла сапраўднае паляваньне на актывістаў незалежных прафсаюзаў з дапамогай зьменаў ва ўнутраныя распарадкі. Дзесьці гэта – забарона праносіць на прадпрыемствы недзяржаўныя мэдыі, дзесьці – абавязковая падпіска на дзяржаўныя выданьні ці абавязковы ўдзел у “палітычных інфармацыях”, падчас якіх прапагандуецца палітыка ўладаў. Паводле гісторыі, пра якую даведаўся наш полацкі карэспандэнт Вінцэсь Мудроў, на актывістаў недзяржаўных прафсаюзаў фактычна нацкавалі супрацоўнікаў службы аховы.

(Мудроў: ) “Рознага кшталту “самасьційныя” правілы ды нормы прымаюцца часьцяком без сур’ёзнай прававой экспэртызы і, адпаведна, яны наўпрост ўшчымляюць правы работнікаў. Па сьведчаньні сябраў Свабоднага прафсаюзу Адкрытага акцыянэрнага таварыства “Полацак-Шкловалакно” менавіта такі характар маюць прынятыя дырэкцыяй “Правілы карыстаньня санітарна-бытавымі памяшканьнямі”. У гэтых правілах надаюцца практычна неабмежаваныя паўнамоцтвы заводзкай Службе бясьпекі і аховы.”

Гаворыць намесьнік старшыні суполкі Свабоднага прафсаюзу работнікаў Адкрытага акцыянэрнага таварыства “Полацак-Шкловалакно” Мікола Шарах.

(Шарах: ) “У ліпені сёлета ўступілі ў дзеяньне на нашым прадпрыемстве “Правілы карыстаньня санітарна-бытавымі памяшканьнямі”. Гэтымі правіламі пашыраныя і без таго амаль неабмежаваныя паўнамоцтвы Службы бясьпекі і аховы прадпрыемства. Замест таго, каб арганізаваць нармальную ахову той жа стаянкі аўтатранспарту, ахоўнікі ўзяліся кантраляваць стан працоўнай дысцыпліны на працоўных месцах, а таксама даглядаць асабістыя шафы работнікаў. І ўсё гэта робіцца з парушэньнем Грамадзянскага кодэксу і правоў чалавека. Нашыя звароты на гэты конт у суд плёну не даюць.”

Па словах спадара Шараха, сябры Свабоднага прафсаюзу зусім ня супраць нейкіх нормаў і рэглямэнтацыяў. Іх абурае тое, што ў згаданых Правілах зьмешчаныя толькі абавязкі работнікаў, у прыватнасьці, там ёсьць пункт, які абавязвае работнікаў “няўхільна выконваць указаньні гардэробшчыцы”. Пра тое, што работнікі, адпаведна, маюць права памыць пасьля працы рукі, там нічога ня пішыцца. Ці не таму, як паведаміў, спадар Шарах, у кранах раз-пораз не бывае ня толькі гарачай, але нават халоднай вады.

Не знайшоўшы праўды ў судзе, сябры Свабоднага прафсаюзу распачалі збор подпісаў пад патрабаваньнем перагляду згаданых правілаў і наладзілі ля заводзкай прахадной акцыю пад лёзунгам “Не – самавольству аховы!” Застаецца толькі дадаць, што заводзкая адміністрацыя выклікала дзеля ўтаймаваньня ўдзельнікаў акцыі два міліцэйскія нарады, аднак міліцыянты, ацаніўшы сытуацыю, нікога не затрымалі.

Наколькі мне вядома, гэтая гісторыя ў Полацку мела і далейшы працяг. У аднаго зь сябраў недзяржаўнага прафсаюзу падчас вось такога ператрусу ў шафіку была нібыта знойдзеная дэталь, вырабленая на заводзе. Хаця рабочы не прызнаў, што ўзяў гэтую дэталь, яму прыпісалі крадзеж і звольнілі з працы. Такім чынам адміністрацыя пад выглядам барацьбы з рабаўніцтвам атрымала просты спосаб паквітацца з тымі, хто ёй пярэчыць, лічыць Мікалай Канах. Іншай мэтай падобных новаўвяденьняў, паводле Мікалая Канаха, ёсьць кантроль над думкамі рабочых.
(Канах: ) “На мой погляд адміністрацыя ня хоча, каб у гэтых шафіках зьяўлялася літаратура, дзе гаворыцца пра сучасны эканамічны стан Беларусі, пра тое, як улады парушаюць правы прафсаюзаў, правы грамадзянаў. Адміністрацыя баіцца, што рэальны стан рэчаў рабочым пакажуць незалежныя прафсаюзы, а не гэты чыноўнік – намесьнік дырэктара па інфармацыі.”

Мікалай Канах паведаміў, што з шэрагу прадпрыемстваў паведамляюць пра новыя інструкцыі ахоўнікам, якія цяпер атрымалі права даглядаць працоўных на прахадной і часта пасьля гэтых вобшукаў адзначаюць, хто праносіў недзяржаўныя выданьні ці прафсаюзныя матэрыялы. З гэтай прычыны актывісты прафсаюзу падазраюць, што атрыманыя зьвесткі потым выкарыстоўваюць супраць працоўных. А гэта ёсьць наўпроставым парушэньнем іхных грамадзянскіх правоў, лічыць Мікалай Канах з кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG