Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНКЕТУ НА АТРЫМАНЬНЕ ЛІТОЎСКАЙ ВІЗЫ ЦЯПЕР МОЖНА ЗАПАЎНЯЦЬ ПА-БЕЛАРУСКУ


Ганна Соусь, Менск

У консульскім аддзеле літоўскай амбасады ўсім наведнікам цяпер прапаноўваюць два варыянты анкеты на атрыманьне візы — літоўска-беларускі й літоўска-расейскі. Рашэньне ўвесьці анкету на беларускай мове прыняў амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Ёнас Паслаўскас:

(Паслаўскас: ) “Магу толькі пашкадаваць, што мы не зрабілі гэтага раней. Я лічу, што анкеты павінны быць на дзяржаўнай мове, а паколькі ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы, то мы павінны выкарыстоўваць абедзьве мовы. Да гэтага рашэньня мяне падштурхнулі самі беларусы. Было некалькі лістоў, зваротаў да мяне з просьбамі, пажаданьнямі, каб грамадзяне Беларусі маглі запаўняць анкеты для атрыманьня візы ў Літоўскую Рэспубліку на беларускай мове.

Але мы не павінны спыняцца толькі на анкеце. Я ўжо цяпер папрасіў сваіх супрацоўнікаў, асабліва ў консульскім аддзеле, каб яны па магчымасьці карысталіся беларускай мовай, калі размаўляюць з тымі грамадзянамі, якія гавораць па-беларуску. Я ня ўпэўнены, што ўсе стануць знаўцамі беларускай мовы, але прынамсі павітацца ці адказаць на нескладанае пытаньне мае супрацоўнікі здолеюць”.

Сам літоўскі амбасадар Ёнас Паслаўскас вельмі прыхільна ставіцца да беларускай мовы. У часе афіцыйных мерапрыемстваў ён заўсёды выкарыстоўвае беларускую мову разам зь літоўскай, ангельскай і расейскай. І часам беларуская мова ў ягоных выступах заўважна лепшая, чым у некаторых прадстаўнікоў Міністэрства замежных справаў Беларусі.

Што да іншых амбасадаў у Менску, то, прыкладам, у візавым адзеле чэскай амбасады адна з супрацоўніцаў — Ала Такінданг — гаворыць выключна па-беларуску.

(Ала: ) “Што паўплывала? Толькі тое, што я заўсёды і ўсюды размаўляю па-беларуску”.

(Карэспандэнтка: ) “А як паставіліся да гэтага ў амбасадзе?”

(Ала: ) “Самае галоўнае, што вельмі прыязна, за што я ўдзячная”.

(Карэспандэнтка: ) “А як рэагуюць наведнікі на беларускую мову?”

(Ала: ) “Вельмі цікава. Адсоткаў 70 вельмі прыхільна ставяцца”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці часта Вам адказваюць па-беларуску?”

(Ала: ) “Даволі часта, асабліва моладзь”.

Што тычыцца мовы анкетаў, то як патлумачыў для Радыё Свабода Часовы павераны ў справах Чэскай Рэспублікі Алеш Фойцік, у амбасадзе наведнікам прапануюць анкеты на афіцыйных мовах Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў — чэска-нямецкую, чэска-ангельскую і чэска-расейскую. Алеш Фойцік працягвае:

(Фойцік: ) “На жаль, я не гавару па-беларуску зусім свабодна. Але на афіцыйным прыёме да нацыянальнага сьвята Чэскай Рэспублікі 28 кастрычніка заўсёды гавару па-беларуску”.

Варта адзначыць, што па-беларуску на афіцыйных мерапрыемствах заўсёды выступаюць і кіраўнікі польскай дыпляматычнай місіі. А на мерапрыемствы, якія адбываюцца ў польскай амбасадзе, заўсёды запрашаюць перакладчыка менавіта на беларускую мову. Анкетаў на беларускай мове ў консульскім аддзеле няма, аднак супрацоўнікі амбсады не выключаюць, што яны будуць распрацаваныя.

У працы амбасадаў краінаў СНД незаўважна гэткай жа прыхільнасьці да беларускай мовы, як у краінаў, якія маюць візавы рэжым зь Беларусьсю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG