Першы экалягічны форум праводзіўся супольна Міністэрствам прыродных рэсурсаў ды навакольнага асяродзьдзя і Аршанскім гарвыканкамам. Аднак нягдедзячы на нібыта наватарскі статус, гэтая імпрэза яўна нагадвала дзьве добра ўжо вядомыя сучасныя дзяржаўныя сьвяты: “Славянскі базар” і “Дажынкі”.
Як у часе “Славянскага базару” ў Віцебску, цэнтральныя аршанскія вуліцы так сама былі спрэс застаўленыя харчовымі кропкамі з шашлыкамі ды разьліванай гарэлкай. І нягледзячы на сьцюдзёнае надвор’е ды дробны дождж, амаль пад кожнам дрэвам мясьціўся імправізаваны пікнік.
Супрацоўнікі камунальнае гаспадаркі папросту не пасьпявалі прыбіраць бутэлькі, абгорткі ды бляшанкі, што “экалягічнасьці” форуму, канечне, не дадавала.
Пра “Дажынкі” перадусім нагадваў будаўнічы аўрал напярэдадні форуму: зазвычай усе невялікія беларускія гарадкі, на якія прадстаўнікі дзяржаўнае ўлады дзесяцігодзьдзямі не зьвярталі ўвагі, вельмі складана давесьці да ладу. Так і ў Воршы ў апошнюю ноч яшчэ ўкладалі тратуарную плітку ды разьвешвалі лямпачкі, хаця правядзеньне форуму ўжо й так адкладалася ня менш як тры разы, і ён мусіў адбыцца яшчэ на пачатку жніўня.
Уласна экалягічных элемэнтаў у праграме сьвята было зусім няшмат: традыцыйная пасадка дрэваў, выстава-продаж пакаёвых расьлінаў ды некалькі імпрэзаў, якія дэманстравалі магчымасьці выкарыстаньня разнастайнага сьмецьця ды прамысловых адкідаў.
Выхаванцы Цэнтру дзіцячай творчасьці сапраўды ўразілі гледачоў дзявочымі строямі, зробленымі з цыгарэтных пачакаў, мэталёвых коркаў, накрывак, фотастужкі ды кансэрвавых бляшанак. Але да штодзённага ўжытку гэтыя строі наўрад ці прыдатныя.
Яшчэ ўразіла аршанцаў сьвяточная ілюмінацыя, якая выглядала нават больш маляўнічай за начны фаервэрк. Праўда ў вулічным натоўпе можна было пачуць і меркаваньні незадаволеных: маўляў, усё гэтае грандыёзнае каляровае асьвятленьне яшчэ гукнецца затрыманьнем заробкаў! Грошы напярэдадні форуму былі насамрэч паабяцаныя ўсім, але атрымалі іх хіба толькі пэнсіянэры. Большасьць прадпрыемстваў заробкі ня выплаціла.
Адзіным матэрыяльным напамінам пра фантом экалягічнага сьвята ў Воршы застанецца хіба новы Гарадзкі палац культуры ў адрэстаўраваным будынку старога кінатэатру “Перамога”. Адкрыцьця гэтае ўстановы аршанцы чакалі ажно 15 год!