Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТЭМПЭРАТУРА Ў КВАТЭРАХ ПАСТУПОВА НАБЛІЖАЕЦЦА ДА ВУЛІЧНАЙ


Ігар Карней, Менск

Паводле нарматываў Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, калі пяць дзён сярэднесутачныя паказьнікі не перавышаюць 8 градусаў цяпла, ацяпленьне мусіць падавацца. Ці вытрымліваюцца гэтыя патрабаваньні?

На пытаньне: чаму не ўключаюць ацяпленьне, аргумэнты чыноўнікаў у шэрагу выпадкаў проста неверагодныя. Так, адна ананімная супрацоўніца Мінжылкамунгасу адказала: “Вам жа, малады чалавек, толькі лепей будзе, калі вы цяпер крыху памерзьнеце: сёлета гарачыя батарэi будуць каштаваць надзвычай дорага”. І патлумачыла для тых, хто ўжо зусім нічога не разумее: як толькі пойдзе цяпло, плата за кватэру аўтаматычна падвысіцца на 40–50%. Лёгіка жалезная, але ж, пэўна, ёсьць і контараргумэнты: не ў ваенных быццам умовах жывем, калі ўсё “дзеля фронту, дзеля перамогі”. Зрэшты, амаль вайсковыя баталіі на газавым фронце пераканалі чыноўнікаў, што ўмовы якраз экстрэмальныя.

У гэтым сэнсе паказальна, што сёлета згоду на ацяпленьне гарадзкіх кватэраў будуць даваць не адпаведныя службы абласных і гарадзкіх выканкамаў, а непасрэдна Савет міністраў. Камунальнікі на шматлікія запыты журналістаў і тых, хто ўжо тыдзень мерзьне ў сваіх кватэрах, адказваюць: іхныя службы практычна гатовыя да працы ў перадзiмовы пэрыяд. Кажуць, што “запускаць” ацяпленьне можна хоць сёньня; для гэтага, прынамсі, створаныя ўсе ўмовы.

Але на вышэйшым узроўні працоўны імпэт камунальных службаў астуджваюць: перад тым, як пачаць доўгатэрміновае спажываньне палiўна-энэргетычных рэсурсаў, трэба добра прааналiзаваць сытуацыю. Зноў жа на першае месца выносіцца ня клопат пра людзей, якія рызыкуюць захварэць, а засьцярога ня дай божа не спаліць лішнюю тону мазуту ці кубамэтар звышкаштоўнага расейскага газу.

Такім чынам, узьнікла дылема, якую ўрад ніяк не даверыць камунальным службам: быць пакаёвай тэмпэратуры ў межах 20 градусаў ці ня быць? У найлепшым выпадку ў першай палове гэтага тыдня ўрад будзе вырашаць, ці эканоміць на паліўнай сыравіне, ці ўключыць ацяпленьне “неапраўдана рана” — усяго толькі пасярод восені.

Пры гэтым нарматывы жылкамунгасу розныя для розных жа спажыўцоў: калі для гарадзкіх кватэраў сярэднесутачная тэмпэратура не павінна ўзьняцца вышэй за 8 градусаў, і тады цяпло дадуць, для шпіталёў жа, дзiцячых садкоў, школаў гэты нарматыў — 10 градусаў. Прынамсі, ацяпленьне ў гэтыя ўстановы мусілі даць абавязкова. Аднак фактаў, якія б сьведчылі, што ў школах надзвычай горача, няма. Настаўнікі, выхавацелі настойліва раяць дзецям апранацца па-зімоваму: цёплы швэдар, цёплыя порткі, шапкі, пальчаткі для вуліцы, бо панэльныя збудаваньні прадзімаюцца ўсімі ветрамі.

Нашмат горш тым, хто наведвае розныя сэкцыі ў вялікіх памяшканьнях, асабліва што да басэйнаў — у такіх памяшканьнях тэмпэратура не нашмат вышэйшая за вуліцу. Ад батарэяў у сацыяльна-значных аб’ектах калі чым і вее, то толькі холадам. Тое ж, дарэчы, можна сказаць і пра гарачую ваду ў кватэрах. Калі бліжэй да вечару ваду падаграюць, то ўвесь дзень яна ледзьве цёплая. Лёгіка і ў дадзеным выпадку зразумелая: навошта падаваць кіпень, калі людзі на працы?

Адзінае суцяшэньне — сёлета жыхары могуць ведаць, хто вінаваты ў адтэрміноўцы ацяпляльнага сэзону. Гэта Савет міністраў і, паводле лёгікі, выканаўца абавязкаў прэм’ера Сяргей Сідорскі. Калі Саўмін узяў на сябе адказнасьць за цяпло ў кватэрах, то, прынамсі, “адмашкі” кіраўніка ўраду хапіла б для нармалізацыі тэмпэратурнага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG