Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭБАДЗІ – ЛЯЎРЭАТКА НОБЭЛЕЎСКАЙ ПРЭМІІ МІРУ


Аляксей Знаткевіч, Прага

Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт абвесьціў, што Нобэлеўскую прэмію міру ўпершыню атрымае жанчына-мусульманка. Сябры камітэту падкрэсьлілі, што Шырын Эбадзі ня бачыць супярэчнасьцяў паміж ісьлямам і асноўнымі правамі чалавека.

Сама Эбадзі адразу ж заклікала да вызваленьня іранскіх палітзьняволеных. Яна таксама перасьцерагла супраць замежнай інтэрвэнцыі ў Іран.

(Эбадзі: ) “Кожная краіна мае сваю ўнутраную канцэпцыю правоў чалавека, і народ кожнай краіны павінен прыкласьці намаганьні, каб усталяваць правы чалавека ў сваёй краіне. Мы не спадзяемся, што іншыя краіны ўсталююць правы чалавека ў нашай краіне. Мы хочам зрабіць гэта самі”.

Шырын Эбадзі была адной зь першых жанчын-судзьдзяў у Іране. Пасьля ісьлямскай рэвалюцыі 1979 году яе прымусілі сысьці з пасады. Цяпер Эбадзі выкладае права ў Тэгеранскім унівэрсытэце і працуе адвакаткай. Яна прадстаўляла ў судзе сем’і іранскіх пісьменьнікаў і інтэлектуалаў, забітых у 1999 і 2000 гадох. Эбадзі таксама спрабавала высьветліць, хто справакаваў забойствы студэнтаў Тэгеранскага ўнівэрстытэту ў 1999 годзе. Яе шмат разоў арыштоўвалі і трымалі ў зьняволеньні.

У інтэрвію для Радыё Свабода ў 2000 годзе Шырын Эбадзі падкрэсьлівала неабходнасьць падвысіць стандарты правасудзьдзя ў Іране.

(Эбадзі: ) “Прызнаньня аднаго ці некалькіх падазраваных недастакова, калі няма іншых доказаў злачынства. Інакш прызнаньне ня вартае быць у падмурку судовага расьледаваньня”.

Ясмшыд Занд, журналіст іранскай службы Радыё Свабода, кажа, што ўзнагарода Эбадзі вельмі важная для іранскага грамадзства – асабліва для жанчын.

(Занд: ) “Упершыню ў гісторыі Нобэлеўскую прэмію міру атрымаў прадстаўнік Ірану. Тое, што прэмію атрымала менавіта жанчына, вельмі шмат значыць, асабліва для ісьлямскага грамадзтва ў Іране – для ўсяго насельніцтва і асабліва для жанчын”.

Эбадзі абралі са сьпісу 165 кандыдатаў, сярод якіх былі Папа Ян Павал II і былы прэзыдэнт Чэхаславаччыны Вацлаў Гавэл. Многія назіральнікі кажуць, што выбар Эбадзі – гэта спроба падтрымаць рух за дэмакратыю ў Іране.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG