Сёньняшняму разьбіральніцтву ў судзе папярэднічаў арышт 15% акцыяў Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, якія належаць расейскай нафтагазавай кампаніі “Славнафта”. Арышт паводле патрабаваньня “МНПЗ плюс” яшчэ ў верасьні наклала судзьдзя Натальля Сарнаўская.
Відавочна, такі пачатак і вымусіў прадстаўнікоў “Славнафты” хадайнічаць, каб цяперашняе паседжаньне суду вяла не адна судзьдзя Сарнаўская, а калегія. Наогул, адказчыкі заяўлялі шмат хадайніцтваў, і найпершае — каб разгляд справы вёўся закрыта, без прысутнасьці журналістаў. Спасылкі былі на камэрцыйныя таямніцы і тое, што народу неабавязкова ведаць, каму і як прадаваліся акцыі.
У судзе сёньня, апроч дырэктара менскай юрыдычнай фірмы “Траст” Яўгена Лазарэнкава, які абараняе інтарэсы кампаніі “Слаўнафта”, як адказчыкі прысутнічалі юрысты гомельскай філіі “Прыёрбанку” і расейскага “Рэгістратара “РОСТ”. Спрэчныя акцыі ў свой час былі перададзеныя на захаваньне “Прыёрбанку”, а расейскі “Рэгістратар “РОСТ” меў дачыненьне да рэгістрацыі ўгодаў згаданых акцыяў пасьля сумнеўнага продажу іх малавядомаму інвэстыцыйнаму дому “Кондар”.
Цяпер таварыства “МНПЗ плюс” намагаецца вярнуць 296 мільёнаў імянных акцыяў, якія належалі рабочым і спэцыялістам Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, і такім чынам аднавіць сваё права на маёмасьць “Славнафты”.
У намесьніка дырэктара ў справах камэрцыі таварыства “МНПЗ плюс” Мікалая Ястрэмскага я спрабаваў высьветліць, які рэальны кошт могуць складаць страчаныя калектывам акцыі “Славнафты”. Намінальны кошт іх у пазове пазначаны ўсяго толькі на 296,5 тысяч расейскіх рублёў.
Спадар Ястрэмскі заўважыў , што сапраўдны кошт выяўляецца толькі на рынку. Між тым, вядома, што брытанская кампанія “British Petroleum” зьбіраецца заплаціць асноўнаму акцыянэру “Славнафты” (Цюменскай нафтавай кампаніі) за ўключэньне 25% каштоўных папераў “Славнафты” ва ўгоду звыш 1,5 мільяда даляраў. Мазырчукі валодалі 6,2% акцыяў. Іхная доля ў такім разе можа ацэньвацца прыкладна на 386 мільёнаў даляраў.
Разьбіральніцтва ў судзе будзе прадоўжанае 17 кастрычніка.