Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПУТАТАМ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ ПААБЯЦАЛІ БЯСПЛАТНЫ ПОБЫТ НА КУБЕ


Юры Сьвірко, Менск

Кубінскую дэлегацыю ачольвае Хаймэ Альбэрта Крамбэт Эрнандэс-Бакера. Апошнія 10 гадоў ён працуе намесьнікам старшыні так званае “Нацыянальнае асамблеі народнай улады”, якая рэгулярна пераабірае старшынём дзяржаўнай рады Кубы Фідэля Кастра.

У складзе кубінскай дэлегацыі толькі тры дэпутаты. Адметна, што групу па сувязях з парлямэнтам Кубы ў Палаце прадстаўнікоў ачольвае камуніст Сяргей Касьцян. Зварот да сьпікера Вадзіма Папова спадар Крамбэт пачаў гэтак:

(Крамбэт: ) “Таварыш старшыня!”

Сярод іншага, спадар Крамбэт прапанаваў усім беларускім дэпутатам наведаць Рэспубліку Кубу.

(Крамбэт: ) “Вы самі можаце выбраць сабе час, структуру і склад дэлегацыі. Натуральна, усе выдаткі на вашае знаходжаньне на Кубе мы возьмем на сябе”.

Хаймэ Крамбэт адрасаваў гэтую прапанову таксама верхняй палаце Нацыянальнага сходу. У панядзелак у Савеце Рэспублікі кубінцы падпішуць пратакол пра супрацоўніцтва зь беларускімі калегамі.

Цікава, што ў праграме няма пункту пра сустрэчу з кубінскай дыяспарай. Вядома, што Фідэль Кастра ставіцца да кожнага эмігранта як да здрадніка — незалежна ад таго, зьехаў ён у штат Флорыда ці ў Савецкі Саюз. Я патэлефанаваў менчуку Хасэ дэ ля Карыдад-Радрыгесу і спытаўся: ці вялікая кубінская дыяспара ў Беларусі?

(Радрыгес: ) “Невялікая. Чалавек 40 — недзе так. Мо нават і менш. Усе вучыліся тут у 1980-х гадах. Потым зьехалі на Кубу. Потым вярнуліся зь сям’ёй сюды”.

Сам спадар Радрыгес вярнуўся ў Менск у 1996 годзе. Кажа, што палітыку Фідэля Кастра падтрымлівае часткова. А што да пазыцыі ўсёй кубінскай дыяспары ў Беларусі адносна лідэра рэвалюцыі, дык яна гэткая:

(Радрыгес: ) “Можа, і не падтрымлівае, але паважае”.

На маё пытаньне, дзе жыць лепш — на Кубе ці ў Беларусі, ён адказаў гэтак:

(Радрыгес: ) “Па-мойму, так… аднолькава”.

З эканамічнымі дачыненьнямі дзьвюх краінаў становішча кепскае. Летась экспарт на Кубу склаў толькі 5 мільёнаў даляраў (гэта галоўным чынам запчасткі для аўтамабіляў і трактараў, рухавікі, электраабсталяваньне, шыны), а імпарт — амаль 27 мільёнаў даляраў (яго аснову складае цукар-сырэц). Сёлета таваразварот з Кубай скараціўся, прычым імпарт амаль напалову, таму што Беларусі імпартны цукар не асабліва патрэбны: урадзілі ўласныя цукровыя буракі. Апроч таго, Аляксандар Лукашэнка паставіў перад галіной задачу ў будучыні абыходзіцца без імпартнай сыравіны. Найперш гэта адаб’ецца на таваразвароце з Кубай.

Варта нагадаць таксама, што папярэдні амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак, які раней працаваў у Гаване, неяк заявіў, што Беларусь — гэта эўрапейская Куба.

У траўні 1998 году ў Беларусі пачала працаваць амбасада Кубы, а ў лістападзе наступнага году — беларуская амбасада на Кубе. У 2000-м туды езьдзіў зь візытам Аляксандар Лукашэнка. А сёлета ў сакавіку Менск наведаў кубінскі міністар замежных справаў Філіпэ Пэрэс Раке, зь якім яшчэ раз у верасьні падчас сэсіі ААН у Нью-Ёрку сустрэўся ягоны беларускі калега. Беларусь і Куба ўваходзяць у Рух недалучэньня, і, паводле афіцыйных беларускіх крыніцаў, Гавана надае Менску ўсемажлівую палітычную падтрымку ў шмат якіх міжнародных арганізацыях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG