Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ГУБЛЯЕ ПАДТРЫМКУ НАСЕЛЬНІЦТВА


Валер Каліноўскі, Менск

Беларусы лічаць найбольш вострымі праблемамі нізкі ўзровень жыцьця, рост цэнаў і камунальных тарыфаў, эканамічны крызыс, беспрацоўе, згортваньне дэмакратычных рэформаў. У сувязі з гэтымі нэгатыўнымі зьявамі 49% апытаных лічаць, што краіна разьвіваецца ў няправільным кірунку, і толькі 30% мяркуюць, што ў правільным.

Сацыёлягі зазначаюць, што большасьць рэспандэнтаў непакояць пераважна эканамічныя цяжкасьці, аднак істотна вырасла тая частка апытаных, якая не задаволеная разьвіцьцём дэмакратыі ў краіне — такіх ужо 56%. Прыкладна столькі ж апытаных упэўненыя, што ў Беларусі не захоўваюцца правы чалавека, толькі 37% вераць у адваротнае.

Як сьведчаць вынікі апытаньня НІСЭПД, абаронцы Нацыянальнага ліцэю імя Якуба Коласа маюць вялізную грамадзкую падтрымку — 62% рэспандэнтаў назвалі закрыцьцё ліцэю “няправільным крокам уладаў”, падтрымалі гэта толькі 7% апытаных. Нэгатыўная ацэнка сытуацыі ў краіне прыводзіць да росту эміграцыйных настрояў — у верасьні 2003 году гэта хацелі б зрабіць амаль 40% апытаных.

Як зазначаюць сацыёлягі, падрымка цяперашняга курсу грамадзтвам працягвае зьніжацца. Асабісты рэйтынг Лукашэнкі складае цяпер 31,7%, а вось колькасьць перакананых ягоных прыхільнікаў (тых, хто ня толькі давярае яму, але і лічыць ідэалам палітыка, гатовы галавасаць за яго на гіпатэтычных выбарах прэзыдэнта Саюзу Беларусі і Расеі) скарацілася да 15%. Колькасьць перакананых праціўнікаў Лукашэнкі большая ўтрая — 48%.

На гэтым тле цікавым выглядае рост рэйтынгу аднаго з патэнцыйных канкурэтаў А.Лукашэнкі дэпутата Валерыя Фралова. Калі рэспандэнтам прапанавалі выбраць паміж Лукашэнкам і Фраловым, то за Лукашэнку гатовыя былі прагаласаваць 34,6% апытаных, а за Фралова — 17,9%. Сацыёлягі бачаць у гэтым ня столькі рост асабістай папулярнасьці генэрала Фралова, колькі выразныя чаканьні грамадзтва.

Гаворыць дырэктар НІСЭПД прафэсар Алег Манаеў:

(Манаеў: ) “Вельмі яскрава выказанай і яснай палітычнай устаноўкай у беларускім грамадзтве становіцца чаканьне і жаданьне пераменаў, прага альтэрнатывы. Напрыклад, на пытаньне аб тым, ці хочаце вы, каб іншы чалавек стаў прэзыдэнтам, станоўча адказвае больш як 55% апытаных, а хочуць прэзыдэнтам Лукашэнку меней за 25%. І калі ў гэтай атмасфэры зьяўляецца магчымасьць прад’явіць нейкую альтэрнатыву, імя, якое задаволіла б людзей, то вялізная частка гэтых палітычных чаканьняў імгненна факусуецца на гэтай фігуры”.

Сацыёлягі вывучылі склад патэнцыйных выбарцаў генэрала Фралова — гэта пераважна маладая, эканамічна актыўная і адукаваная частка грамадзтва, людзі, якія занепакоеныя эканамічным і палітычным кліматам у краіне, парушэньнямі дэмакратыі і правоў чалавека, выразныя праціўнікі трэцяга тэрміну А.Лукашэнкі на прэзыдэнцкай пасадзе.

Важнай зьменай у грамадзкай думцы сацыёлягі лічаць скарачэньне тых рэспандэнтаў, якія стала вагаліся, большую палярызацыю на прыхільнікаў і праціўнікаў цяперашняга курсу. Тут больш станоўчага, чым нэгатыўнага, лічыць Алег Манаеў, бо галоўнай прычынай, чаму перамены не адбываліся тады, калі была на гэта гіпатэтычная магчымасьць (падчас парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў, напрыклад), была менавіта вялікая колькасьць беларусаў, што ня вызначыліся і вагаліся, бо яны тармазілі й іншую частку грамадзтва з вызначанымі поглядамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG