За два дні (чацьвер і пятніцу) сябры Палаты так і не знайшлі часу, каб зьвярнуцца да гэтай тэмы. Хаця, напрыклад, у чацьвер яны адмянілі сваё вечаровае паседжаньне, а ў пятніцу на сэсіі традыцыйна скарочаны дзень.
Яшчэ раніцай 9 кастрычніка генэрал Валеры Фралоў зьвярнуўся да сваіх калегаў з просьбаю падтрымаць ад імя ўсёй Палаты ягоны дэпутацкі запыт да выканаўцы абавязкаў кіраўніка беларускага ўраду Сяргея Сідорскага. Спадар Фралоў мяркуе, што беларускія спэцслужбы пільна сочаць за ім. Падставай для такога публічнага сьцьверджаньня стаў ня толькі нядаўні вобшук яго і Ўладзімера Парфяновіча на літоўска-беларускай мяжы. Валеры Фралоў прывёў новыя доказы сачэньня за ім з боку спэцслужбаў. Справа адбывалася ў Віцебску:
(Фралоў: ) “Прыехаў я да сяброў сваёй сям’і, якіх добра ведаю. Два дні былі ў іх на лецішчы. Яны — гасьцінныя гаспадары. Дапамаглі тое-сёе ў гаспадарцы. Пасьля нашага ад’езду ў сям’і ўзьнікла шмат пытаньняў. Іх запрасілі ў КГБ: пыталіся, навошта запрасілі, што рабілі, з кім сустракаліся і гэтак далей”.
Дэпутаты зь цікавасьцю выслухалі гэты выступ, а ў перапынку некаторыя зь іх выказваліся пра тое, што апошнім часам зьявілася падазрэньне, што цікуюць ня толькі за Валерыем Фраловым, але і за некаторымі іншымі дэпутатамі. Аднак разбору “гарачага пытаньня” яны так і не пачалі. Паводле Сяргея Скрабца, кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка”, да якой належыць спадар Фралоў, фармальная прычына — неабходнасьць строга прытрымлівацца рэглямэнту:
(Скрабец: ) “Там працэдура ёсьць. Учора не падрыхтавала камісія. Там пратаколы патрэбныя, тоё-сёе…”
10 кастрычніка Валеры Фралоў усё ж настаяў, каб дэпутаты правялі адмысловае галасаваньне і ўключылі разгляд ягонага запыту на першае наступнае плянарнае паседжаньне. Гэтым разам большасьць была на ягоным баку. Але сэсія адновіцца толькі 23 кастрычніка, і невядома, ці захаваецца да таго часу вастрыня ўзьнятай праблемы.