Паводле аўтараў сцэнару вайсковых манэўраў “Чыстае неба-2003”, Беларусь — гэта “чырвоная” краіна, якая падверглася агрэсіі з боку суседняй “блакітнай” краіны. Нібыта “блакітныя” вырашылі абараніць суайчыньнікаў, якія як нацыянальная меншасьць кампактна пражываюць на тэрыторыі “чырвоных” і патрабуюць далучэньня да былой радзімы.
Я запыталася ў выпадковых мінакоў на менскіх вуліцах: ці лічаць яны, што якая-небудзь суседняя зь Беларусьсю краіна рэальна пагражае нам?
(Спадар: ) “Я так не лічу. Пагроза можа быць толькі ад нас, ад нашага прэзыдэнта, які ня мае ніякага аўтарытэту на міжнароднай арэне, і каб падтрымаць свой статус, павінен бразгаць зброяй, таму што выявіць сябе ў іншым у яго няма магчымасьці. Пагрозы нам няма, але мы яшчэ знаходзімся ў палоне савецкіх уяўленьняў аб сьвеце”.
(Спадарыня: ) “Я ня думаю, што нам можа быць нейкая пагроза ад суседняй краіны. Вы маеце на ўвазе Расею, ці што? Мне падаецца, што гэта ўсё унутры самой краіны”.
(Спадар: ) “Магчыма, ёсьць нейкая пагроза з боку іншай краіны. З Расеі, магчыма”.
(Другі спадар: ) “Нават калі і няма пагрозы, то ўсё роўна трэба праводзіць такія манэўры. Таму што сёньня няма пагрозы, а заўтра можа зьявіцца”.
(Спадарыня: ) “Не. Я лічу, што любая краіна, што суседзіць зь Беларусьсю, ня мае ніякіх пэўных, трывалых прэтэнзіяў да Беларусі. Акрамя, магчыма, палітычных умоваў для бізнэсу, для культурных зносін. Лепей бы грошы выдаткоўвалі на культуру, мастацтва й сацыяльную сфэру”.
(Спадар: ) “Лічу, што ніякай пагрозы няма для Беларусі, таму што яна заўсёды была мірнай і ніколі ні на кога не нападала. Ёй няма чаго баяцца сваіх суседзяў. Мы свабодна езьдзім ва Ўкраіну і ў Расею. Наконт Польшчы, то Польшчы зусім не патрэбная Беларусь, як новая праблема. Літва і Латвія самі могуць баяцца, хоць і будуць у Эўразьвязе”.
(Спадарыня: ) “Ні ў якім разе, таму што мы сябруем з нашымі суседзямі”.
(Другая спадарыня: ) “Мне здаецца, што не, бо ў нас няма ніякай атамнай зброі. Калі Лукашэнка пасябруе з Хусэйнам, тады мо нешта адбудзецца”.
(Спадар: ) “Вонкавая пагроза ёсьць вынікам унутранай палітыкі, а я думаю, што Беларусь не дае падставаў, каб нехта з нашых суседзяў меў прэтэнзіі да яе. А як гаворыцца, порах трэба трымаць сухім”.
(Спадарыня: ) “Мне здаецца, што шмат краінаў маюць нейкі ўплыў на Беларусь, а вось пагроза — яна ўнутры. Пагроза — гэта Лукашэнка, наш “дарагі” прэзыдэнт, бацька”.
Гэтак адказалі мае выпадковыя суразмоўцы на пытаньне: “Ці лічыце вы, што ад каго-небудзь з суседзяў Беларусі сыходзіць рэальная пагроза?”