Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬЯВІЛАСЯ ПЕРШАЯ Ў БЕЛАРУСІ КОННАЯ СКУЛЬПТУРА КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА

Ігар Карней, Менск

На падворку сядзібы Анатоля Белага ў Старых Дарогах блізу двух дзясяткаў помнікаў розным славутым дзяячам Беларусі. Але галоўным сам Белы лічыць амаль трохмэтровага драўлянага вершніка з шабляй — Кастуся Каліноўскага. Ён жа сьцьвярджае, што ў гісторыі найноўшай Беларусі гэта першая конная скульптура асобе такога маштабу. Анатоль Белы традыцыйна выступіў генэратарам ідэі, эскіз быў падрыхтаваны мастаком Міколам Байрачным. Постаць жа Каліноўскага на кані і з шабляй у руках выразаў народны майстар Беларусі Ўладзімер Небышынец. Гаворыць Анатоль Белы:

(Белы: ) “Кожная дзяржава, калі становіцца незалежнай, сваю незалежнасьць імкнецца адлюстраваць у мастацтве пра конную скульптуру. Гэта адбылося ў Расеі, калі Пётар І стаў імпэратарам. Гэта было ў германскіх дзяржавах: 300 незалежных маленькіх дзяржаваў паставілі 300 помнікаў іхным герцагам, усё гэта былі вершнікі. Грузіны, армяне, башкіры ўшанавалі сваіх герояў коннымі скульптурамі.

У Беларусі была ў свой час конная скульптура Панятоўскага, апошняга караля Рэчы Паспалітай, але ў 1921 годзе, згодна з Рыскай дамовай, гэтая каштоўнасьць была перададзеная Польшчы. Канечне, каб мне дала дзяржава магчымасьць паставіць вялікі помнік Каліноўскаму ў Менску, я б гэта зрабіў з задавальненьнем. Ёсьць такі скульптар Сяргей Бандарэнка, мы зь ім даўно вядзем перамовы, гатовыя на грамадзкіх асновах гэта рабіць. Але такога дазволу я ня маю”.

Паколькі Анатоль Белы мае аддаленае дачыненьне да мастацтва скульптуры, прафэсійныя мастакі неаднойчы вінавацілі яго ў тым, што ён паставіў справу на канвэер і мала клапоціцца пра якасьць выкананьня. Аднак Белы на гэта адказвае: для гісторыі няважна, з чаго зроблены помнік — з дрэва, каменю ці гіпсу; для нашчадкаў важны факт ушанаваньня гістарычнай асобы. Я запытаў у спадара Белага, як у такім разе ён ставіцца да спробы Саюзу беларускіх афіцэраў паставіць у Менску, ля Дому афіцэраў, конную скульптуру савецкага маршала Жукава?

(Белы: ) “Панявольніка яны хочуць узьвесьці ў ранг дзяржаўнага дзеяча Беларусі, бо конная скульптура — гэта знак дяржаўнасьці. Адрозна ад мяне, афіцэры атрымалі дазвол на ўстаноўку помніка (я гэта добра ведаю) і нават пачалі зьбіраць грошы: адно ліцьцё такога помніка будзе каштаваць 35 тысяч даляраў. Можа хтосьці выступіць спонсарам гэтай справы. Але ўсё ж я апярэдзіў іх, паставіўшы конны помнік Кастусю Каліноўскаму. Я вельмі баяўся, што яны гэта зробяць першымі, паколькі ў іх ёсьць усе магчымасьці навязаць нам каляніяльнага палкаводца”.

Мара Анатоля Белага — стварыць на тэрыторыі сваёй сядзібы сапраўдны пантэон, які аб’яднаў бы 200 скульптураў выбітных дзеячоў Беларусі. Дзясятая частка ягонай мары ўжо ўвасобленая. Штогоду ў ягоным музэі зьяўляецца больш за пяць розных скульптураў.
XS
SM
MD
LG