10 кастрычніка ў Беларусі традыцыйна ўшановаўся Францішак. Апусьцелыя гэтым часам палі знайшлі наступнае адлюстраваньне ў народнай творчасьці: “На сьвятога Францішка шукае зярнят у полі мышка”.
10 кастрычніка 1577 году атрымалі прывілей на магдэбурскае права беларускія гарады Магілёў, Мазыр і Ула.
Сёньня спаўняецца 220 гадоў зь дня сьмерці беларускага архітэктара Людвіка Грынцэвіча. Збудаваныя ім касьцёлы і кляштары ў Валынцах Верхнядзьвінскага раёну, у Друі і Нясьвіжы да нашага часу не зьберагліся. Вядома толькі, што Грынцэвіч працаваў у стылі позьняга барока.
Таксама сёньня – 65 гадоў зь дня гібелі ў ГУЛАГ’у Адама Бабарэкі – найбольш прыкметнага літаратурнага крытыка даваеннае пары і стваральніка пісьменьніцкіх суполак “Маладняк” і “Ўзвышша”.
10 кастрычніка 1939 году Савецкі Саюз перадае Вільню Літве. Перад гэтым меркавалася зрабіць Вільню сталіцай Заходняй Беларусі. Аднак сталася па-іншаму. Узамен за Вільню Літва дазволіла разьмясьціць на сваёй тэрыторыі савецкія вайсковыя базы, якія неўзабаве стануць пляцдармам далучэньня Літвы да СССР.
10 кастрычніка 1796 году нарадзіўся беларускі дасьледнік Міхал Без-Карніловіч. Найбольш вядомая ягоная праца – кніга “Гістарычныя зьвесткі пра знакамітыя месцы ў Беларусі“ пабачыла сьвет у 1855 годзе, але ня страціла актуальнасьці і нядаўна была выдадзеная зноў.
А яшчэ 10 кастрычніка – дзень нараджэньня піянэра-героя Марата Казея і паэта Леаніда Дранько-Майсюка.
Зь вялікіх людзей сьвету, што нарадзіліся ў гэты дзень, згадаем італьянскага кампазытара Джузэпэ Вэрдзі і двух ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі – нарвэскага дасьледніка Фрыцьёфа Нансэна і сэрбскага пісьменьніка Іву Андрыча.
Напрыканцы – памятныя даты заўтрашняе суботы.
11 кастрычніка 1918 году Рада БНР зацьвердзіла Часовую Канстытуцыю. Гісторык Анатоль Сідарэвіч заўважае, што ўрад Антона Луцкевіча гатовы быў увесьці ў Беларусі савецкую канстытуцыю пры ўмове, што савецкая Расея прызнАе незалежнасьць БНР. Аднак такая прапанова не была прынятая Масквою.
У заўтрашнюю суботу споўніцца 90 гадоў ад нараджэньня беларускай паэткі Эдзі Агняцьвет. Найбольш прыкметны ўнёсак Эдзі Агняцьвет у беларускую літаратуру – гэта яе дзіцячая паэзія і пераклады з францускай мовы твораў Бэранжэ, Апалінэра і Элюара.