Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ПРАВЁЎ ПЕРАМОВЫ З КУЧМАМ ЗА ЗАЧЫНЕНЫМІ ДЗЬВЯРЫМА


Валер Каліноўскі, Менск

Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Кіеў без шматлікай дэлегацыі, яго супаправаджалі некалькі супрацоўнікаў адміністрацыі ды амбасадар Беларусі ў Кіеве Валянцін Вялічка. Беларускія журналісты з так званага прэзыдэнцкага “пула” амаль увесь час перамоваў прасядзелі ў самалёце, на перамовы дапусьцілі толькі асабістых прэзыдэнцкіх тэлеапэратараў. Украінскія карэспандэнты таксама сутыкнуліся зь нязвыклай для іх закрытасьцю прэзыдэнцкіх перамоваў, якія прайшлі не ў будынку прыёмаў, як звычайна, а ў загараднай рэзыдэнцыі Леаніда Кучмы “Залесьсе”.

Гаворыць кіеўская журналістка Сьвятлана Дораш, якая ня здолела акрэдытавацца на сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Беларусі:

(Дораш: ) “Яны, відавочна штосьці могуць абмяркоўваць такое, чаго ня трэба чуць журналістам, я гэта дапускаю”.

На думку Сьвятланы Дораш, сакрэтнасьць зьвязаная з тым, што А.Лукашэнка і Л.Кучма намагаліся пераадолець свае рознагалосьсі адносна пэрспэктываў адзінай эканамічнай прасторы — так званай “чацьверкі”, бо А.Лукашэнка апошні час быў вельмі скептычны адносна пэрспэктываў удзелу Ўкраіны ў гэтым утварэньні і нават пратэставаў адносна яе прапановы разнахуткаснага далучэньня да правілаў “чацьверкі”. Ці пераадоленыя гэтыя рознагалосьсі, невядома. Афіцыйна паведамляецца, што на перамовах прэзыдэнтамі дасягнутая дамоўленасьць “быць разам, падтрымліваць адзін аднаго — нягледзячы на розныя пэрыпэтыі”.

Што да дамоўленасьцяў у эканамічнай сфэры, то яны фактычна паўтараюць усе папярэднія: прэзыдэнты зноў даручылі кіраўнікам урадаў прыняць комплекс захадаў для дасягненьня таваразвароту на 1,5 мільярда даляраў, да 1 лістапада вырашыць усе праблемы двухбаковых дачыненьняў. Пры гэтым нават А.Лукашэнка прызнаў, што гэтыя праблемы неаднаразова абмяркоўваліся, але канчатковыя рашэньні так і не прынятыя.

Тут маецца на ўвазе перш за ўсё праблема ўкраінскага доўгу Беларусі пачатку 1990-х гадоў, які ацэньваецца Менскам на больш як 100 мільёнаў даляраў і не прызнаецца Ўкраінай як дзяржаўны, ды ў адказ адмова Беларусі ратыфікаваць Дамову пра мяжу 1997 году.

Прэсавая сакратарка Леаніда Кучмы Алена Грамніцкая паведаміла Свабодзе, што рашэньняў наконт ратыфікацыі дамовы пра мяжу і пра вяртаньне даўгоў няма. Затое вырашанае пытаньне бесьперашкоднага перасячэньня беларуска-ўкраіскай мяжы будаўнікамі, што ўдзельнічаюць у праекце закрыцьця Чарнобыльскай АЭС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG