Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКАНАМІЧНЫЯ СТАСУНКІ НЯМЕЧЧЫНЫ І БЕЛАРУСІ СТРЫМЛІВАЕ НЕДАСКАНАЛАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА

Казімер Яноўскі, Гомель

У рэгіёне цяпер працуе 5 нямецкіх прадпрыемстваў і 14 – сумесных. Найбольш паспяховыя зь іх – “Бэкер-Сыстэм” і “Група Алкапак”, якія выпускаюць сваю прадукцыю ў свабоднай эканамічнай зоне “Гомель-Ратон”.

Прадстаўнік фэдэральнага міністэрства эканомікі і працы Нямеччыны Людвіг Баўэр распавёў нашаму радыё пра адметнасьці беларуска-нямецкіх стасункаў.

(Баўэр: ) “Наагул за апошнія гады беларуска-нямецкія эканамічныя сувязі разьвіваліся няблага, і гэта прыемна. Ствараліся сумесныя прадпрыемствы. У шэрагу гарадоў адчыненыя эканамічныя прадстаўніцтвы Нямеччыны. Пэўныя цяжкасьці ў нашых дачыненьнях выклікаюць складанасці ў беларускім падатковым і мытным заканадаўстве. Яно, хаця і ўдасканальваецца, але не на тым узроўні, на якім хацелася бы.”

Трохі лепшыя ўмовы дзейнасьці для нямецкіх інвэстараў у гэтак званай свабоднай эканамічнай зоне. Аднак, паводле спадара Баўэра, бізнэсоўцы Нямеччыны ня ўпэўнены ў стабільнасьці свайго далейшага становішча ў Беларусі.

Для інвэстараў найбольш прыцягальнымі зьяўляюцца не велізарныя заводы-гіганты, а дробныя беларускія прадпрыемствы.

(Баўэр: ) “Мы ведаем, што яшчэ з савецкіх часоў Беларусь вылучалася сваёй прамысловасьцю, трактарамі, грузавымі аўтамабілямі. Ёсьць вялікія заводы. Аднак для нас яны не зьяўляюцца прыярытэтнымі. Гэта велізарныя плошчы, магутнасьці. Нашая цікавасьць да больш дробных прадпрыемстваў”.

На адмысловай сустрэчы ў актавай залі абласной бібліятэкі гомельскія чыноўнікі пазнаёмілі нямецкіх бізнесоўцаў з існуючымі ў горадзе экалягічнымі праблемамі, з мажлівасьцямі ўкладання інвэстыцый у перапрацоўку сьмецьця, ачыстку сьцёкавай вады, якая забруджвае басэйн Сожа і Дняпра.

Госьці наведалі таксама Рэчыцкі керамічны завод, прадпрыемства “Гомелькабель” ды некаторыя іншыя заводы.

Сустрэча прадстаўнікоў дзелавых колаў ладзілася пры падтрымцы амбасады Нямеччыны і Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
XS
SM
MD
LG