Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСЬ ПРЫЕДЗЕ ПРЭМ’ЕР-МІНІСТАР ПОЛЬШЧЫ ЛЕШАК МІЛЕР


Юры Сьвірко, Менск

Кіраўнік польскага ўраду Лешак Мілер прыедзе ў гэтую нядзелю на Магілёўшчыну, каб быць прысутным на сьвяткаваньні 60-годзьдзя бітвы пад Леніна. Каля гэтай вёскі Горацкага раёну, якая да 1918 году называлася Раманава, 12 кастрычніка 1943 году адбыўся бой зь нямецкімі войскамі, у якім упершыню змагаліся вайскоўцы 1-й Польскай дывізіі імя Тадэвуша Касьцюшкі. Пасьля вайны тут пабудавалі музэй, і ў часы СССР Леніна стала абавязковым пунктам наведваньня для польскіх дэлегацыяў.

Як чакаецца, самалёт польскага прэм’ера прызямліцца ў магілёўскім аэрапорце ды адтуль жа вылеціць у той жа дзень у Варшаву. Нагадаю, што маршалак Сэнату Польшчы Лонгін Пастусяк, які ў мінулую суботу браў удзел у цырымоніі адкрыцьця помніка Адаму Міцкевічу ў Менску, прыляцеў спачатку ў Горадню — паводле неафіцыйных тлумачэньняў, каб пазьбегнуць урачыстай сустрэчы з боку беларускіх чыноўнікаў.

На маё пытаньне, ці паедзе прэм’ер-міністар Польшчы ў Менск і з кім з прадстаўнікоў уладаў ён будзе сустракацца, прэсавы сакратар польскай амбасады ў Беларусі Пётар Лэбэк адказаў гэтак:

(Лэбэк: ) “Не, галоўная мэта — гэта Леніна. Усе цырымоніі, якія прысьвечаныя гадавіне бітвы пад Леніна. Пакуль мы ня маем дакладнай праграмы, на жаль, я не магу сказаць”.

Мяркуецца, што зь беларускага боку на цырымоніі ў Леніна будуць мясцовыя кіраўнікі, а таксама прадстаўнікі беларускіх міністэрстваў абароны і замежных справаў. Паедзе ў Леніна й польскі амбасадар у Менску Тадэвуш Паўляк, і беларускі амбасадар у Варшаве Павал Латушка. А ці прыляціць у Магілёў разам з прэм’ер-міністрам Польшчы хто-небудзь з высокапастаўленых польскіх чыноўнікаў?

(Лэбэк: ) “Так, са спадаром прэм’ерам прылятае віцэ-маршалак Рышард Яжэмбоўскі, міністар абароны Ежы Шмайдзіньскі, віцэ-міністар замежных справаў Анджэй Залуцкі”.

Варта нагадаць, што прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі быў у Беларусі толькі аднойчы, напачатку кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, і толькі на мяжы дзьвюх краінаў — у рэзыдэнцыі “Віскулі” ў Белавескай пушчы. Два кіраўнікі суседніх дзяржаваў не размаўлялі потым 6 гадоў — да сёлетняй сустрэчы ў траўні ў Санкт-Пецярбургу.

Беларускае МЗС станоўча ацэньвае такую актывізацыю хай сабе й неафіцыйных кантактаў з Польшчай. Вось што сказаў сёньня на брыфінгу прэсавы сакратар дыпляматычнага ведамства Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Польшча — гэта наш вядучы партнэр на заходнім кірунку, нас зьвязваюць з Рэспублікай Польшча даўнія культурныя, этнічныя і, натуральна, гандлёва-эканамічныя сувязі. Значэньне Польшчы для нас таксама ўзрастае ў зьвязку з тым, што ў наступным годзе мяжа з Польшай будзе мяжой Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам”.

Прэсавы сакратар МЗС паведаміў таксама, што 7 кастрычніка Беларусь і Польшча падпісалі мэмарандум пра ўзаемаразуменьне наконт паставак беларускага цэмэнту. Сёлета Беларусь паставіць гэтага тавару ў суседнюю краіну на 2% больш, чым летась. Польскі бок забавязаўся ўстрымацца ад захадаў абароны свайго рынку, якія плянаваў зрабіць паводле вынікаў адпаведнага расьсьледаваньня. Паводле беларускага МЗС, патэнцыйны выйгрыш Менску складзе каля 5 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG