Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПАДАЮЦЬ НОВЫЯ ПАЗОВЫ Ў СУД СУПРАЦЬ РАЁННЫХ АДМІНІСТРАЦЫЯЎ

Юлія Шарова, Менск

Уладальнік камэрцыйнага шапіка Барыс Ткачоў падаў пазоў у суд супраць адміністрацыі Савецкага раёну Менску. Нядаўна яму загадалі зачыніць кіёск. Дакладнай аргумэнтацыі раённыя чыноўнікі не прывялі, толькі спаслаліся на рашэньне Менгарвыканкаму. Спадар Ткачоў з гэтым не пагадзіўся, бо ўбачыў несупадзеньні паміж рашэньнямі гарадзкіх уладаў і дзеяньнямі раённай адміністрацыі. Цяпер ён будзе шукаць праўды ў судзе, бо іначай застанецца бяз працы. Бяз сталых прыбыткаў застануцца й людзі, якія працуюць на яго.

(Ткачоў: ) “У нас працуе такі кантынгент. Дзьве дзяўчыны, у якіх няма мужоў. У адной зь іх маці, маленькае дзіця. І яна корміць сям’ю. Ёй знайсьці працу дастаткова цяжка. Гэтая сям’я цяпер жыве на заробак, які атрымлівае дачка, і на невялікую пэнсію каля 50 тысяч, якую атрымлівае маці”.

Спадар Ткачоў гаворыць, што ў сярэднім за кожным шапікам — тры-чатыры працоўныя месцы. Згодна з падлікамі Беларускага саюзу прадпрымальнікаў, у Менску больш за тысячу шапікаў, якія адміністрацыі раёнаў патэнцыйна могуць зьліквідаваць.

Паводле кіраўніка грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанкі, ліквідацыя шапікаў у Менску ня мае ніякіх законных падставаў. Ён гаворыць, што ў рашэньні Менгарвыканкаму, канчатковая рэдакцыя якога зьявілася ў канцы верасьня, сказана толькі пра шапікі на прыпынках. Іх павінны зьліквідаваць да 1 студзеня 2005 году. Пра астатнія ж кіёскі не было сказана ніводнага слова.

Адміністрацыі ж раёнаў пачалі выносіць свае прадпісаньні наконт ліквідацыі гэтых гандлёвых пунктаў, спасылаючыся на рашэньне гарвыканкаму. Гаворыць Анатоль Шумчанка:

(Шумчанка: ) “Кіраўнікі гораду Менску дзейнічаюць ня згодна з заканадаўствам, а згодна з паняцьцямі ды нейкімі сваімі пажаданьнямі. Я неаднаразова сустракаўся з адміністрацыямі раёнаў і прасіў прывесьці хоць адну законную падставу для ліквідацыі кіёскаў. Мне адказваюць: мы ня будзем нічога вам прыводзіць. Я пытаюся: добра, на якой падставе зьліквідавалі шапікі на праспэкце Ракасоўскага? Яны мне адказваюць: бо нам гэта не падабаецца”.

Анатоль Шумчанка не выключае, што найбліжэйшым часам пазоваў супраць раённых адміністрацыяў будзе значна болей. Да таго ж, праз тыдзень адбудзецца новае слуханьне паводле пазоваў прадпрымальнікаў супраць Маскоўскай раённай адміністрацыі.
XS
SM
MD
LG