Паводле кіраўнікоў чатырох дзясяткаў прыватных страхавых фірмаў, поўная манапалізацыя гэтай сфэры прывядзе да таго, што давядзецца адмовіцца ад паслугаў сотняў страхавых агентаў, якія ўрэшце папоўняць шэрагі беспрацоўных.Таксама могуць быць вялікія чэргі, карупцыя і сацыяльная незадаволенасьць.
Для бальшыні недзяржаўных кампаніяў страхаваньне аўтатранспарту ёсьць асноўным відам дзейнасьці. Цяпер давядзецца адмовіцца ад паслугаў шматлікіх страхавых агентаў. Кіраўнік страхавой кампаніі “Багач” Пётар Бабарыка канстатуе, што мусіць разьвітацца з дзьвюма сотнямі супрацоўнікаў.
(Бабарыка: ) “Шкада людзей, якіх давядзецца выкідаць на вуліцу... Але нідзе падобныя захады з боку ўладаў не магчымыя, апроч, можа, Кубы, дзе страхаваньне цалкам дзяржаўнае. Калі мы імкнемся да таго, каб усё больш людзей жыло дрэнна, падобны крок лягічны. Уласна кажучы, калі б манапольнае страхаваньне было выгаднае, яно было б і ў Нямеччыне, і ў Францыі... Аднак нідзе ў нашых суседзяў, ня кажучы пра больш аддаленыя краіны, няма манаполіі. А нашыя чыноўнікі ніяк не жадаюць вучыцца на чужых памылках, увесь час наступаючы на старыя граблі”.
Дзяржаўных страхавых кампаніяў, якія ўтвораныя коштам бюджэтных сродкаў, тры: “Белдзяржстрах”, “Белэксімгарант” і “Стравіта”. На іхную долю ад новага году прыйдзецца больш за два мільёны транспартных сродкаў, зарэгістраваных у Беларусі. Дагэтуль гэтую функцыю выконвалі чатыры дзясяткі срахавых кампаніяў, на кожную зь якіх працавала ад 100 да 200 страхавых агентаў. Пётар Бабарыка перакананы, што звужваньне рынку страхавых паслугаў прывядзе да нэгатыўных наступстваў.
(Бабарыка: ) “Зьявіцца карупцыя, чэргі, іншыя агульныя непрыемнасьці. Ніякіх эканамічных падставаў, каб спыняць працу недзяржаўных страхавых кампаніяў пасьля 4,5 гадоў працы, не было — мы выконвалі сваю справу добрасумленна. І таму перакананыя: пастанова нічым не аргумэнтаваная і будзе дзейнічаць толькі супраць людзей. Гэта вяртаньне да савецкага часу, але манаполія ні да чаго добрага яшчэ не прыводзіла. Гады праз 2–3 само жыцьцё пакажа, што рашэньне было няўзважанае, непрадуманае, без эканамічных матывацыяў”.
Эканаміст Барыс Жаліба гэтаксама схільны разглядаць новую ўрадавую пастанову як жаданьне зарыентаваць грашовыя патокі ў адно рэчышча.
(Жаліба: ) “У Расеі ўладальнікі аўтамабіляў ужо ўздымаюць пытаньне: павінна страхаваньне быць абавязковым, альбо добраахвотным? У Беларусі гэта нават не абмяркоўваецца, затое ўзьнікаюць нюансы іншыя. Па-першае, пастанова разбурае канкурэнцыю паміж страхавымі кампаніямі. Па-другое, прыносіць страты недзяржаўным фірмам. Па-трэцяе, такая цэнтралізацыя паставіць у чэргі аўтаўладальнікаў, а што гэта значыць, мы ведаем: людзі абавязкова пачнуць шукаць абыходных шляхоў. Ці здолее “Белдзяржстрах” арганізаваць увесь працэс? Мяркую, рэакцыя бальшыні аўтааматараў адмоўная. Гэта чарговы крок уладаў — узяць усё пад кантроль і мець у сваім распараджэньні як мага болей грашовых сродкаў”.
Некаторыя кіраўнікі прыватных страхавых фірмаў кажуць: манапалізацыя аўтастрахаваньня можа прывесьці да таго, што многія кампаніі будуць вымушаныя згарнуць дзейнасьць у Беларусі і перавесьці бізнэс у Расею. Як крыху раней гэта ў масавым парадку зрабілі многія фірмы-грузаперавозчыкі.