Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРТЫЯ ШРОДЭРА НАКІРАВАЛА БЕЛАРУСКАМУ КІРАЎНІЦТВУ АФІЦЫЙНУЮ НОТУ ПРАТЭСТУ


Ул. інф.

Пратэст кіраўніцтву МЗС перадала сябра СДПН, віцэ-прэзыдэнт ландтагу фэдэральнай зямлі Шлезьвіг-Гальштайн доктар Габрыэла Кётшаў.

Паводле Габрыэлы Кётшаў, апошнія дзеяньні афіцыйнага Менску супраць маладых сацыял-дэмакратаў Яна Буша і Штэфана Кэмэрлінга цалкам незразумелыя ня толькі сябрам партыі, але і ўсёй Нямеччыне. Той афіцыйны адказ, які Бэрлін атрымаў ад беларускага кіраўніцтва, не задавальняе нямецкі бок.

(Кётшаў: ) “Я была ў міністра і перадала яму наш афіцыйны пратэст. Мы патрабуем ад беларускіх уладаў дакладнага адказу на пытаньне, што мае Менск супраць кіроўнай партыі нашай краіны, супраць немцаў увогуле. Мы патрабуем афіцыйных гарантыяў, што падобныя дзеяньні не паўтарацца зноў”.

Паводле спадарыні Кётшаў, мэта яе цяперашняга візыту ў Менск не абмяжоўваецца сустрэчай у беларускім МЗС. Разам з дэлегацыяй нямецкіх бізнэсоўцаў, віцэ-прэзыдэнт зямельнага ландтагу бярэ ўдзел у шэрагу двухбаковых эканамічных дыскусіяў, якія праводзяцца ў беларускай сталіцы ў рамках Нямецкага тыдня. Паводле назіральнікаў, гэтая імпрэза ёсьць чарговым знакам той увагі, якую Нямеччына па-ранейшаму надае Беларусі.

Габрыэла Кётшаў не выключае, што ў часе гэтай імпрэзы афіцыйны Менск зможа дакладна акрэсьліць сваю пазыцю ў пытаньнях: ці гатовая Беларусь да эканамічнага супрацоўніцтва з новай Эўропай, ці мае намер краіна скарыстаць свае шанцы ў справе стварэньня новых вытворчасьцяў і працоўных месцаў. Усё гэта, паводле Кётшаў, залежыць ад шэрагу фактараў. Галоўным чынам ад таго, наколькі афіцыйны Менск гатовы зьмяніць свае палітычныя і прававыя рамкавыя ўмовы, палепшыць агульны клімат для заходніх інвэстараў.

(Кётшаў: ) “У гэтым сэнсе нейкага прагрэсу мне не ўдалося ўбачыць. Тыя нямецкія бізнэсоўцы, якія прыйшлі на беларускі рынак, паводзяць сябе вельмі стрымана. Яны кажуць: мы пакуль ня хочам разгортваць тут нейкую вялікую вытворчасьць. Гэта вельмі рызыкоўна. Прававых гарантыяў няма, законы дзейнічаюць кароткі час, і іх заўсёды падмяняюць дакрэты прэзыдэнта”.

Тым ня менш, вядомаму нямецкаму палітыку падаліся канструктыўнымі тыя меркаваньні намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Аляксандра Міхневіча, якія прагучалі ўчора ў часе міжгаліновай сустрэчы дзелавых колаў Нямеччыны і Беларусі. Размова ішла пра істотныя страты, якія пашырэньне Эўразьвязу можа нанесьці гандлёва-эканамічным інтарэсам Беларусі.

(Кётшаў: ) “Гэтая прамова не была ідэалягічнай. Спадар Міхневіч сказаў, што хоча разам з намі абмеркаваць найбольш надзённыя праблемы і выказаў нам ня самыя прыемныя рэчы. Ён запрасіў нас да адкрытага дыялёгу і прапанаваў нам расплюшчыць вочы на тое, што можа адбыцца ў зьвязку з новымі межамі ЭЗ як на прыкладзе Беларусі, так і суседніх зь ёй краінаў. Спадар Міхневіч, аднак, зазначыў, што досьвед ЭЗ вельмі важны для Беларусі. Што да межаў, якія падзяляюць Эўропу і Беларусь, то яны будуць пераадоленыя пасьля таго, як стануць аднолькавымі рамкавыя ўмовы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG