9 кастрычніка – дзень вызначальных падзеяў у беларускай гісторыі, дата, якая абавязкова згадваецца нават у самых кароткіх храналёгіях нашай мінуўшчыны. Але пра ўсё па чарзе.
Сёньня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Іван Багаслоў. Як заўважае этнограф Уладзімер Васілевіч, “гэты дзень – мяжа ўсім шчыраваньням дбайнага земляроба, бо зямля атрымлівае за свае дары нябеснае блаславеньне да самае вясны”. Надбайных гаспадароў у гэты дзень прынята было дакараць наступным чынам: “Хто не дасее да Багаслова, той ня варты добрага слова”.
І цяпер – непасрэдна пра гістарычныя даты.
Менавіта 9 кастрычніка ў 1596 годзе ў Беларусі была абвешчаная царкоўная унія. Адбылося гэта на саборы ў Берасьці. У імя адзінства народу і краіны праваслаўная і каталіцкая цэрквы ў Беларусі вырашылі аб’яднацца. Праваслаўная царква, захоўваючы сваю ерархію і абрады, прызнавала вяршэнства папы рымскага і каталіцкую дагматыку, такім чынам яна ператваралася ў грэка-каталіцкую або ўніяцкую. Усе багаслужбы і казані вяліся па-беларуску. Ужо ў 18 стагодзьдзі 75% жыхароў Беларусі былі ўніятамі. Адраджэньне Ўніі ставіў адной з задачаў свайго паўстаньня Кастусь Каліноўскі, які называў уніяцтва вераю нашых дзядоў.
9 кастрычніка 1708 году адбылася бітва пад Лясной, гэта цяперашні Слаўгарадзкі раён. У 5-гадзінавым змаганьні сыйшліся 11 тысячаў расейцаў і 16 тысячаў швэдаў. У гонар той расейскай перамогі на месцы бітвы пастаўлены помнік і капліца.
9 кастрычніка 1920 году так званыя беларускія дывізіі на чале з генэралам Люцыянам Жалігоўскім захапілі Вільню і Віленскі край. Рэч у тым, што паводле літоўска-савецкае дамовы Вільня і край павінныя былі ўвайсьці ў склад Літвы. Правы Літвы на гэтую тэрыторыю былі замацаваныя і літоўска-польскай дамовай. Але 9 кастрычніка войскі Жалігоўскага ўвайшлі ў рэгіён. Праз два гады тут адбудуцца выбары ў часовы сойм Сярэдняй Літвы – такую назву атрымала тады Віленшчына, а ўжо гэты сойм прыняў рашэньне пра далучэньне Сярэдняй Літвы да Польшчы. У складзе Польшчы гэты край прабудзе да 1939 году.
9 кастрычніка 1977 году паляцеў у космас Уладзімер Кавалёнак, савецкі касманаўт, родам зь вёскі Белае Крупскага раёну. Расейскія календары называюць Кавалёнка расейскім касманаўтам і жыве Кавалёнак у Расеі. Аднак варта згадаць, як ён, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі, разам з другім дэпутатам – Лукашэнкам, прынес з плошчы Незалежнасьці ў Авальную залю беларускага парлямэнту бела-чырвона-белы сьцяг і ўсталяваў яго там у якасьці дзяржаўнага сымбаля.
Сярод вялікіх людзей сьвету, што нарадзіліся 9 кастрычніка ў розныя гады, згадаем сёньня Рабэра дэ Сарбона, францускага тэоляга і заснавальніка знакамітага Сарбонскага ўнівэрсытэту, гішпанскага пісьменьніка Мігеля дэ Сэрвантэса, які прыдумаў “Дон Кіхота”, францускага кампазытара Каміля Сэн-Санса і ангельскага музыку Джона Ленана, які быў стваральнікам гурта ўсіх часоў і народаў – The Beatles.