Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 9 КАСТРЫЧНІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Полесская правда”, 1923 год. Нехта Марголін піша пра дзіцячую габрэйскую канфэрэнцыю:

“Ці ня зьдзівіць такая гучная назва многіх з нашых дарослых? Можна ўпэўнена сказаць, што надзвычайная бальшыня зь іх ня ведае, што і дзеці зьбіраюцца на свае канфэрэнцыі і нават самі парадак дня вызначаюць. Такая канфэрэнцыя адбылася ў нас у Гомелі 3 кастрычніка. Прысутнічалі 130 дэлегатаў ад 11–15 гадоў і мноства дзяцей-гасьцей. “Прапаную выбраць тав. Леніна ганаровым старшынём канфэрэнцыі і паслаць яму прывітальную тэлеграму”, — гром аплядысмэнтаў. Ленін у іх на канфэрэнцыі, але ня толькі на канфэрэнцыі — Ленін жыве ў дзіцячых сэрцах, ён зьяўляецца іх кумірам, улюбёнцам. Ня страшны фашызм! Згіне сьвет гвалту і рабаўніцтва! Дух Леніна лунае над юным пакаленьнем!”

“Беларуская газэта”, 1943 год. Пра дажынкі ў Баранавічах:

“8 кастрычніка ў гарадзкім парку адбылася ўрачыстая частка, прысьвечаная народнаму сьвяту дажынак. Народ з усіх канцоў гораду сыходзіўся ў парк. Да 11-е гадзіны сабралася да двух тысячаў чалавек. Роўна аб 11 гадзіне пачалася ўрачыстая частка. У сваёй уступнай прамове старшыня гораду сп. Русак адзначыў, што беларускае сялянства ўжо другія дажынкі сьвяткуе вольна, без жыдоў і камуністаў. Ад БСП прамаўляў акруговы старшыня сп.Тулейка, які падчыркнуў значэньне дажынак і сумленнасьць працы нашага сялянства на роднай ніве. Пасьля ўрачыстацьці выступіў хор беларускага дому культуры і хор школьнікаў. Ад сьвята дажынак засталося добрае ўражаньне. Саюз Беларускай Моладзі паказаў сваю арганізаванасьць”.

“Советская Белоруссия”, 1983 год. Інфармацыю БЕЛТА “На карысьць міру”:

“На пазачарговым паседжаньні бюро Беларускага рэспубліканскага камітэту садзеяньня Савецкаму фонду міру віншавалі найстарэйшую актывістку фонду, члена КПСС з 1926 году В.Капралаву. Больш за 20 гадоў яна актыўна ўдзельнічае ў рабоце камісіі, сыстэматычна пералічвае значныя сумы на рахунак гэтай арганізацыі. У дзень, калі была надрукаваная Заява тав. Ю.Андропава, яна зрабіла чарговы ўклад у суме дзьвесце рублёў. Старшыня Беларускага рэспубліканскага камітэту садзеяньня Савецкаму фонду міру, народны мастак СССР, Герой Сацыялістычнай Працы З.Азгур сардэчна павіншаваў найстарэйшую актывістку зь юбілеем і ўручыў ёй ганаровы знак Савецкага фонду міру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG