(Цыганкоў: ) “З закрыцьцём уладамі ў Беларусі амэрыканскае фундацыі па падтрымцы мэдыяў IREX, шмат якія рэгіянальныя незалежныя выданьні пазбавіліся магчымасьці падтрымліваць свае старонкі ў інтэрнэце. Хтосьці прыпыніў сваю прысутнасьць у сеціве, хтосьці аднаўляе сайт са спазьненьнем. Наколькі сёньня патрэбная рэгіянальным газэтам прысутнасьць у сеціве? Што прадэманстраваў першы досьвед спрычыненасьці да інтэрнэту? Як ацэньваюць бліжэйшую пэрспэктыву рэдактары незалежных выданьняў? Адказы на гэтыя пытаньні даюць рэдактары і маладэчанскай "Рэгіянальнай газэты" Аляксандар Манцэвіч і газэты "Салідарнасьць" Аляксандар Старыкевіч. Зь імі гутарыў Севярын Квяткоўскі.”
(Квяткоўскі: ) “Аляксандар Манцэвіч падкрэсьліў, што львіная доля чытачоў правінцыйных газэт, і ў тым ліку маладзечанскае "Рэгіянальнае газэты" – карыстаюцца папяровым варыянтам.”
(Манцевіч:) "Няма болей IREX'у ў Беларусі, няма ў нас правайдэра, які даваў бясплатны выхад у сеціва для шмат якіх СМІ ў Беларусі. Я не скажу, што гэта ў цэлым адбілася на рабоце нашай рэдакцыі. Бо мы перш за ўсё – выданьне на паперы.”
Наклад "Рэгіянальнае газэты" – 10 000 асобнікаў. То бок, каля трыццаці тысяч чытачоў, з уліку, што адзін асобнік чытаюць сям'ёй альбо на рабоце. Што да электроннай вэрсіі, ёю карысталіся найперш замежныя беларусы.
(Манцэвіч:) "Ня вельмі шмат было наведваньняў нашага сайту. Але тым ня менш, мы ішлі на тое, каб аддаваць свае сілы дзеля нашай прысутнасьці ў інтэрнэце. Бо мы мелі пэўную зваротную сувязь. У асноўным з суайчыньнікамі з-за мяжы. Ня шмат было такіх замежных суайчыньнікаў, але яны былі, і нам было важна, што мы давалі нашым землякам інфармацыю з нашага краю".
Вядома, беларуская правінцыя вельмі адстае ня толькі ад заходніх краінаў, але ад Менску ці абласных цэнтраў што да разьвіцьця інтэрнэту. Тым ня менш, Аляксандар Манцэвіч усьведамляе, што за інтэрнэтам не далёкая, а найбліжэйшая будучыня.
(Манцэвіч:) "Тое, што сёньня няма інтэрнэт-вэрсіі – зьява часовая. Будзе інтэрнэт. Сапраўды, нам цяпер цяжка матэрыяльна. А гэта трэба пастаянна ў рэжыме онляйн падаваць зьвесткі. Значыць трэба трымаць як найменш аднаго чалавека. У нас няма сродкаў. Але з-за таго, што гэта вельмі важна, мяркую, мы знойдзем празь месяц-другі магчымасьць. Адновім нашую прысутнасьць у інтэрнэце, будзем даваць нашыя навіны".
Аляксандар Манцэвіч падкрэсьліў, што прысутнасьць сучаснай правінцыйнай газэты ў інтэрнэце пакуль застаецца зьявай не камэрцыйнай, але гуманітарнай.
Галоўны рэдактар газэты Беларускага незалежнага прафсаюзу "Салідарнасьць" Аляксандар Старыкевіч, мяркуе, што цяпер інтэрнэт-вэрсія папяровага выданьня можа існаваць, хіба, дзеля падтрыманьня іміджу:
(Старыкевіч: ) "Не існуе эфэктыўных схэмаў, якія б дазвалялі атрымліваць прыбытак ад інтэрнэт-вэрсій. Утрымліваюць тыя, у каго ёсьць такая магчымасьць. На колькі я ведаю, наагул у Беларусі большасьць не карыстаецца інтэрнэтам. І ў прафсаюзах таксама".
Аляксандар Старыкевіч досыць скэптычна глядзіць на найбліжэйшую будучыню што да інфармацыйнай прасторы ў Беларусі.
(Старыкевіч: ) "Мне падаецца верагодным сцэнар, што ў нас праз год-другі будзе сытуацыя, пры якой папяровыя вэрсіі газэтаў будуць ня здольныя друкавацца й распаўсюджвацца па палітычных прычынах. І інтэрнэт застанецца разам з замежным радыё ці не адзінай магчымасьцю хоць неяк распаўсюджваць інфармацыю. Хоць, і там могуць быць створаныя пэўныя праблемы".
Рэдактар “Салідарнасьці” мяркуе, што пра сур'ёзныя мэдыйныя інтэрнэт-праекты, асабліва ў правінцыі, варта разважаць у свабодных эканамічных і палітычных варунках. "А пакуль падобныя праекты робяцца на энтузіязьме", – падсумаваў Аляксандар Старыкевіч.
***
(Цыганкоў: ) ““Партал беларускай музыкі. Першае музычнае Інтэрнэт-выданьне”, – менавіта так прэзэнтуе сябе новы беларускі сайт “Слыхавы апарат” slyhap.com. Заяўка даволі сур’ёзная, але наколькі яна адпавядае рэальнасьці? Пра гэта мы размаўляем з аўтарамі сайту вэбмайстрам Ігарам Назаранкам і журналісткамі Аленай Скарабагатай і Людмілай Пагодзінай”.
(Скарабагатава: ) “Мы плянуем зрабіць з гэтага ня проста сайт, але поўнавартаснае музычнае выданьне ў інтэрнэце. Гэта маецца быць часопіс, газэта, таму абнаўленьні будуць, як я мяркую, прынамсі 2-3 разы ў тыдзень”.
(Цыганкоў: ) “Вэбдызайнэр Ігар Назаранка мае ўжо сур’ёзны досвьед працы зь беларускімі музычнымі вэбстаронкамі. Ён стварыў сайты "Рок-гурта Гарацкія", "Крамбамбулі", "Інтэрнэт выставу знакамітага мастака Зоі Луцэвіч", а таксама мультымэдыйныя трэкі да альбомаў: N.R.M. "Тры чарапахі" (другое выданьне), Kriwi "Minsk-Berlin", Крамбамбуля "Застольны альбом" (другое выданьне) ды іншыя.
Што будзе адрозьніваць сайт “Слухавы апарат” ад іншых музычных старонак у беларусім сеціве?”
(Назаранка: ) “Асноўнае нашае адрозьненьне палягае ў тым, што ў нас можна будзе прачытаць артыкул пра нейкі гурт і адразу набыць ягоны кампакт у нашай краме. Таксама будзе шмат артыкулаў у фармаце MP3 – вы чытаеце і адразу слухаеце. Ад панядзелка будуць працаваць усе рубрыкі і адчыніцца крама”.
(Пагодзіна: ) “У нас на сайце будуць прадстаўленыя ня толькі знакамітыя музыкі, але і маладыя гурты, якім яшчэ трэба заяўляць пра сябе. Будзем старацца нешта рабіць у гэтым пляне”.
(Скарабагатава: ) “Мы сапраўды хочам, каб болей у нас было менавіта маладых музыкаў. Цяпер у Беларускі даволі шмат маладых пэрспэктыўных гуртоў. У менскім клбе “Граффити” амаль што кожную пятніцу выступаюць маладыя гурты, прадстаўляюць новыя праграмы. Гэта ўсё вельмі цікава, гэта вельмі добрая музыка.”
(Цыганкоў: ) “Нажаль, дагэтуль беларускай музыкай у інтэрнэце цікавіцца адносна вузкае кола наведнікаў сеціва. Часам уражаньняў, што сайтаў, і даволі якасных, шмат, але на іх мала хто ходзіць. Як зьбіраюцца аўтары “Слыхавога апарату” пашыраць гэтую аўдыторыю, выйсьці па-за межы гэтага кола? Як яны плянуюць рэклямаваць свой інтэрнэт-часопіс?”
(Скарабагатава: ) “Неяк я дала праслухаць аднаму сябру з Масквы наш вядомы гурт NRM, і ён зьдзівіўся, чаму такая добрая музыка невядомая ў Маскве. Я цяпер рэклямую наш сайт, і ўпэўненая, што ён перарасьце межы Беларусі, бо многім людзям такая музыка падабаецца. Таксама ў нас ёсьць “свой чалавек” у ЗША, які арганізаваў нас вакол сабе – Андрэй Лабай, і ён таксама спрабуе нешта рабіць”.
(Назаранка: ) “Мы зараз запускаем 4 варыянты банэра ў расейскім, украінскім, беларускім сеціве”.
(Пагодзіна: ) “Іншыя музычныя сайты (ня толькі альтэрнатыўнай музыкі, але ж і электроннай) ўжо прапануюць нам свае варыянты супрацоўніцтва. Мы разьвіваемся.”
(Скарабагатава: ) “Хай маладыя музыкі зьвяртаюцца да нас, прыносяць гісторыі сваіх гуртоў, мы ўсё гэта выкладзем на сайт. Мы будзем супрацоўнічаць з клюбам “Граффити”, у іх ёсьць магчымаць арганізоўваць канцэрты. Таму калі хто жадае – запрашаем”.
(Цыганкоў: ) “Ну і нарэшце Алена Скарабагатава узгадала пра адзін рэклямны крок, сакрэт якога яна, аднак, пакуль ня выдала”.
(Скарабагатава: ) “Зараз мы плянуем “пайсьці ў народ”. Гэта будзе праца на вуліцах нашага гораду, потым ўсе гэта здолеюць убачыць. Мяркую, у нас усё атрымаецца”.