Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫСТАЕ НЕБА - 2003: ПРЫЗВАЛІ НАВАТ РЭЗЭРВІСТАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

З васьмі тысячаў удзельнікаў манэўраў “Чыстае неба–2003”, якія цяпер праводзяцца на захадзе Беларусі, звыш 400 чалавек – гэта учорашнія рабочыя, інжынэры ды прадстаўнікі іншых мірных прафесіяў. Іх выклікалі ў ваенкаматы і абвесьцілі, што на час манэўраў зь іх сфармуюць часткі тэрытарыяльнай абароны.

Гэты новы від войскаў толькі нядаўна зьявіўся ў беларуская арміі. Усяго яна налічвае больш як 80 тысяч вайскоўцаў, а мусіць скараціцца амаль на чвэрць, у тым ліку з прычыны вялікіх фінансавых выдаткаў на ўтрыманьне. Але некаму ж трэба у выпадку баявых дзеяньняў ахоўваць важныя аб’екты, у тым ліку дарогі, масты, лініі электраперадач? Аўтары вайсковай рэформы вырашылі, што недахоп людзей можна кампэнсаваць за кошт часовага прызыву ў тэрытарыяльныя войскі.

Хто будзе кампэнсаваць прызваным страты ў заробку, вырашаць іншыя сацыяльныя праблемы, якія могуць у іх узьнікнуць ? У прэсавай службе міністэрства адароны патлумачылі, што паводле закону на зборы ці манэўры прызываюць з захаваньнем заробку на асноўным месцы працы, такім чынам, калі чалавек працуе на дзяржаўным прадпрыемстве, то плоціць фактычна дзяржава, а калі ў прыватнай фірме – то фірма. Гэтыя ж крыніцы кампэнсуюць страты на лячэньне ў выпадку хваробы альбо траўмы.

Паводле дадзеных міністэрства абароны амаль кожны пяты з прызваных на манэўры воінаў запасу працуе ў недзяржаўным сэктары эканомікі. Гэта якраз тыя людзі, хто ад прызыву на зборы нясе пэўныя страты. Бізнэсоўца Ўладзімер П. некалькі гадоў таму быў прызваны на двухтыднёвыя зборы. Ён вельмі непакоіцца, што такая сытуацыя можа паўтарыцца.

(Уладзімер:) “Мая вайсковая прафэсія – зампаліт. Гэта адзінае, у чым я магу быць карысны войску, як былы ідэоляг. Але цяпершнюю ідэалёгію уладаў я не падзяляю, і таму прапагандаваць яе не змагу, бо гэтая ідэалёгія супярэчыць здароваму сэнсу”

Ён згадаў, што ніякай кампэнсацыі за страты ў заробку за мінулыя зборы не атрымаў . Але яшчэ больш ён асьцярагаецца збораў з прычыны пагрозы стратаў для бізнэсу.

(Уладзімер: ) “Калі б мяне зараз прызвалі, гэта нанесла б каласальныя страты для майго бізнэсу, бо бізнэс ня церпіць ані хвіліны адсутнасьці”.

Сярод тых, каго нядаўна спрабавалі прызваць на зборы, ёсьць і вядомыя ў грамадзтве асобы. Сакратар управы БНФ Аляксей Кавалец напярэдадні сакавіцкіх выбараў у мясцовыя Саветы атрымаў позву прайсьці вайсковыя зборы. Кавалец – былы кадравы афіцэр, а яны ад тэрміновых збораў вызваляюцца, таму загад зьявіцца ў ваенкамат з рэчамі ён палічыў палітычнай акцыяй і падпарадкавацца яму адмовіўся.

Цікава, што пасьля гэтага ад Кавальца адчапіліся і больш не турбуюць. Дарэчы, збольшага гэты апазіцыйны палітык падтрымлівае камплектаваньне рэзэрвістамі тэрытарыяльных войскаў, але выказваецца за тое, каб прызывылі ужо падрыхтаваных людзей.

(Кавалец: ) “Ведаю, якая была практыка ў тым жа савецкім войску. Выклікаюць людзей на зборы за некалькі тыдняў, яны праходзяць шыхтавую падрыхтоўку, іх вывозяць на палігон, знаёмяць з тэхнікай, а ўжо тады – канчатковы пункт – удзел у манэўрах. А тут адразу ўзялі і пагналі на манэўры.”

Сёньня праблемы прызыву рэзервістаў асабіста вывучаў міністр абароны Леанід Мальцаў. Паводле прэсавай службы міністэрства, ён абвесьціў, што будзе павялічаная колькасьць вайсковых катэдраў у ВНУ краіны. Выпускнікі гэтых катэдраў складуць аснову афіцэрскага рэзэрву беларускага войска. А з 1 студзеня будучага года ў Беларусі будзе уведзеная служба ў рэзэрве. Гэта азначае, што верагоднасьць прызыву на тэрміновыя вайсковыя зборы істотна павялічыцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG