Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВОСЬМЫ ДЗЕНЬ ГАЛАДАЮЦЬ ДЗЬВЕ ЖЫХАРКІ БАБРУЙСКУ

Марыя Усьціновіч, Бабруйск

І Любоў Санкевіч, і Галіна Гусева, якім за 50 гадоў, скардзяцца на слабасьць і галаўны боль. Любоў Санкевіч прасіла ўчора на працы (яна працуе касірам у лазьні) прадаставіць ёй водпуск за свой кошт альбо адгулы, аднак адміністрацыя параіла жанчыне пачакаць да панядзелка, калі зьявіцца кіраўнік. Любоў паабяцала трываць і не страціць прытомнасьць на працы да гэтага часу.

Нягледзячы на тое, што жанчыны праінфармавалі гарадзкую ўправу аховы здароўя пра галадоўку, доктары да іх не прыяжджалі. Галіна Гусева, нягледзячы на дрэннае самаадчуваньне, сказала, што ўсё адно не адчыніць мэдыкам дзверы, бо яе папярэдзілі: галадоўшчыцы павінны плаціць грошы за такія візыты.

У Галіны пяцёра дзяцей, двое зь іх непаўнагадовыя, таму лішніх грошай няма. Жанчына гаворыць, што зараз у яе не хапае сродкаў на сокі, каб падтрымаць арганізм, яна ўжывае толькі мінэральную ваду. Мінулым разам Галіна і Любоў галадавалі на знак пратэсту 12 дзён.

Гэтыя бабруйчанкі змагаюцца за свае правы ўжо трэці год. Любоў Санкевіч просіць улады разабрацца з гісторыяй яе звальненьня з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў. Яна страціла працоўнае месца бухгалтара пасьля таго, як абвінаваціла кіраўніцтва прадпрыемства ў злоўжываньнях.

Галіна Гусева патрабуе ад прадпрыемства “ФанДОК” сваё жыльлё. У яе і мужа чатыры гады запар вылічвалі з заробку досыць вялікія сумы на будаўніцтва катэджу, аднак так нічога і не пабудавалі. За свае 2,5 тысячы даляраў сям’я атрымала толькі нейкі катлаван.

Ці ўдалося за тры гады і за сем дзён цяперашняй галадоўкі бабруйчанкам хоць трохі наблізіцца да вырашэньня гэтых праблемаў?

(Санкевіч: ) “Зрухаў няма! З нас зьдзекваюцца, мы нікому не патрэбныя!”

Любоў Санкевіч цяпер чакае канчатковага адказу зь міністэрства юстыцыі, куды некалькі тыдняў таму накіравала ліст. Калі праз тыдзень яна не атрымае адказу, то паездзе ў Менск з плякатам.

Жанчына па-ранейшаму верыць, што калі яна зможа дамагчыся сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, то нарэшце распавядзе яму праўду і яе праблема вырашыцца.

А вось яе сяброўка Галіна Гусева ўжо, відаць, нікому ня верыць. Яна хворая на анкалёгію, жыве ў аварыйным доме і павінна клапаціцца пра ўладкаваньне сваіх дзяцей. Ўчора Галіна сказала, што цяперашняя сытуацыя, калі на яе пратэсты ніхто не зьвяртае ўвагі, вымушае яе на больш рашучыя меры, чым нават галадоўка. Вельмі хочацца спадзявацца, што да гэтага ня дойдзе.
XS
SM
MD
LG