Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


Ул. інф.

8 кастрычніка 1500 году беларускі горад Браслаў атрымаў прывілей на магдэбурскае права.

А 8 кастрычніка 1586 году ў Вільні выходзіць у сьвет першая друкаваная граматыка беларускае мовы. Зьявілася яна ў славутай друкарні Кузьмы і Лукаша Мамонічаў, як пазначана ў пасьляслоўі, на просьбу жыхароў сталіцы Вялікага Княства Літоўскага.

8 кастрычніка 1917 году выйшаў у сьвет першы нумар газэты “Беларуская Крыніца“. Гэтаму выданьню хрысьціянскіх дэмакратаў было наканаванае адносна доўгае жыцьцё, а таксама ўнікальная роля ў разьвіцьці нацыянальнае ідэі і культуры. Пачала “Беларуская Крыніца“ выходзіць у Петраградзе, пасьля адзін нумар яе выйшаў у Менску – у 1918-м годзе, а ўся наступная гісторыя выданьня зьвязаная зь Вільняй. Спыніла газэта свой выхад улетку 1940 году, калі амаль усе віленскія беларускія дзеячы былі адпраўленыя на расстрэл або ў ГУЛАГ.

Сёньня спаўняецца 60 гадоў зь дня гібелі ў ГУЛАГ’у беларускага пісьменьніка Андрэя Мрыя, аўтара “Запісак Самсона Самасуя”. Першы раз савецкія рэпрэсіўныя ворганы арыштавалі Мрыя яшчэ ў 1934 годзе. Тады і пачалася ягоная лягерная адысэя – Караганда, Волагда, Мурманск. Шматлікія творы “ссыльнага пэрыяду”, у тым ліку раман пра лягернае жыцьцё “Жывы дом” былі канфіскаваныя ў аўтара і, верагодна, згубленыя назаўсёды.

8 кастрычніка 1967 году балівійскія вайскоўцы забілі палымянага рэвалюцыянэра і культавую постаць моладзі 1960-х Эрнэста Чэ Гевару. Дзень ягонае гібелі і сёньня афіцыйна адзначаецца на Кубе.

8 верасьня 1988 году быў створаны Народны Фронт Латвіі. Неўзабаве пасьля гэтага ў Менску будзе абвешчана пра стварэньне Беларускага Народнага Фронту.

8 кастрычніка 1831 году ў маёнтку Дудзічы цяперашняга Пухавіцкага раёну нарадзіўся Міхал Ельскі, скрыпач і кампазытар. Ельскі пасьпяхова канцэртаваў у Менску і Вільні, у Польшчы і Нямеччыне. Напісаў каля 100 музычных твораў, у якіх выкарыстаў народныя мэлёдыі, занатаваныя ім у ваколіцах Дудзічаў.

А яшчэ 8 кастрычніка ў 1895 годзе нарадзіўся Хуан Дамінга Пэрон, аргентынскі прэзыдэнт-дыктатар. Пэрон ажно двойчы быў прэзыдэнтам свае краіны зь перапынкам у дваццаць гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG