Наколькі скарумпаваныя вашыя чыноўнікі? Магчыма, на гэтае пытаньне маглі б адказаць мільёны людзей ва ўсім сьвеце, аднак, цяжка знайсьці крытэры, каб дакладна вызначыць, чым узровень скарумпаванасьці адных краінаў адрозьніваецца ад іншых.
Transparency International распрацавала адмысловую сыстэму ацэнкі ўзроўню скарумпаванасьці на падставе апытаньняў бізнэсоўцаў, аналітыкаў і жыхароў пэўнай краіны. Шкала ацэнак – ад 0 – татальна скарумпаваныя дзяржавы да 10 – поўная адсутнасьць карупцыі.
Згодна з дадзенымі апошняй справаздачы Transparency International найменш скарумпаваныя краіны – Фінляндыя ды Ісьляндыя, якія атрымалі амаль 10 балаў.
Беларусь апынулася на 53 месцы, атрымаўшы 4,2 бала. У сваім камэнтары нашаму радыё выканаўчы дырэктар Transparency International у краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы Міклас Маршал патлумачыў гэты адносна ня дрэнны вынік тым, што арганізацыя ацэньвае ўзровень карупцыі, а не ўзровень дэмакратыі:
(Маршал: ) “Уласна кажучы, мы спрачаліся пра тое, ці ўключаць у будучым Беларусь у гэты сьпіс, бо ў пэўным сэнсе гэта як параўноўваць апэльсыны зь яблыкамі. Напрыклад, Чэская Рэспубліка альбо любая іншая краіна са значна больш свабодным рынкам і большай свабоднай эканомікай атрымлівае горшую адзнаку, бо свабода дае значна больш магчымасьцяў для карупцыі”.
Сярод краінаў СНД найбольш скарумпаваныя – Кіргізстан, Азэрбайджан і Таджыкістан. Спадар Маршал выказаў занепакоенасьць разьвіцьцём сытуацыі ў багатых нафтай краінах. На ягоную думку, узровень карупцыі там застаецца на тым самым узроўні, як і некалькі гадоў таму.
Звычайна атрымліваецца, што прыбыткі ад нафтавых радовішчаў застаюцца ў кішэнях чыноўнікаў і блізкіх да іх бізнэсоўцаў, а не ідуць на разьвіцьцё краіны. Таму Transparency International настойвае на тым, каб міжнародныя нафтавыя кампаніі публікавалі дадзеныя пра выдаткі ўрадам і дзяржаўным нафтавым кампаніям ва ўсім сьвеце. Гэтая ідэя атрымала падтрымку “Вялікай васьмёркі” – групы сямі найбольш разьвітых краінаў сьвету і Расеі.
Міклас Маршал кажа, што нават у краінах з самым высокім узроўнем карупцыі ёсьць людзі, якія маюць жаданьне і волю зь ёй змагацца. І Transparency International гатовая гэтым палітыкам дапамагчы.