Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКІ АКТЫВІСТ ВІКТАР КАРНЕЕНКА ЎЗНАЧАЛІЎ “ФОНД СПРЫЯНЬНЯ ЛЯКАЛЬНАМУ РАЗЬВІЦЬЦЮ”


Казімер Яноўскі, Гомель

Новы фонд заснаваны і зарэгістраваны, дзякуючы высілкам шэрагу ініцыятыўных людзей з Гомелю, Менску, Гародні, некаторых іншых рэгіёнаў краіны.

Старшыня фонду Віктар Карнеенка кажа, што, як і зьліквідаванае аб’яднаньне “Грамадзянскія ініцыятывы”, фонд будзе падтрымліваць намаганьні людзей, якія імкнуцца вырашаць важныя для сябе пытаньні. У адрозненьне ад многіх грамадзкіх аб’яднаньняў, палітычных партыяў, фонд заняўся ў першую чаргу лякальнымі праблемамі.

(Карнеенка: ) “Вялікая праблема для нашай краіны – гэта падвышэньне платы за камунальныя паслугі. Фактычна ніводная грамадзкая арганізацыя не займаецца даследаваньнем гэтай праблемы. Наколькі апраўдана гэтае падвышэньне? Чаму так адбываецца? Гэтым зоймецца фонд. Другі прыклад, зьвязаны з Чарнобыльскай катастрофай. Ніхто з грамадзкіх арганізацыяў не займаецца праблемамі аховы здароўя жанчынаў, дзяцей у чарнобыльскай “зоне”. Такія лякальныя спэцыфічныя праблемы рознага ўзроўню ёсьць паўсюль на нашых тэрыторыях. Ніхто ня вырашыць нашыя праблемы, калі мы ня будзем самі клапаціцца пра сябе.”

Паводле Карнеенкі, новы фонд і грамадзкія суполкі, якія ён зьбіраецца падтрымліваць, дзеля вырашэньня лякальных праблемаў будуць прыцягваць мясцовых навукоўцаў, адмыслоўцаў аховы здароўя, адукацыі, культуры.

Партнэры фонду з Польшчы, Украіны, Расеі прапануюць стажыроўкі гэтым людзям у сваіх краінах. У праграмах будуць браць удзел і актывісты зачыненых уладамі грамадзкіх аб’яднаньняў.

Улады шляхам гэтак званай “зачысткі” ўскладнілі дзейнасьць беларускага “трэцяга сэктару”. Аднак, як мяркуе, спадар Карнеенка, перамогі чынавенства тут ня атрымае.

(Карнеенка: ) “Цалкам спыніць грамадзкую дзейнасьць немагчыма, зьліквідаваць таксама. У гэтай барацьбе прайграе, я не хачу сказаць дзяржава, але прайграюць дзяржаўныя чыноўнікі, якія маюць надта прымітыўны падыход да вырашэньня дзяржаўных праблемаў.

Беларусь, на шчасьце, я бы так сказаў, ня можа зьяўляцца самадастатковай краінай, як, напрыклад, былы СССР. Яна ня можа зачыніць межы, апусьціць жалезную заслону і рабіць, што захоча, як гэта рабіў Сталін. Лукашэнку гэта не ўдасца.

Паглядзіце, нават у параўнаньні з Расеяй, Украінай, сёньня мы знаходзімся ў пячорным веку. Умовы дзейнасьці грамадзкіх арганізацый істотна адрозьніваюцца. Безумоўна, у горшы бок”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG