Новая дырэктарка Тацяна Замыслова працавала ў аддзеле адукацыі Фрунзэнскага раёну Менску. Цяпер яна будзе адказваць за рамонт будынку зачыненага ліцэю. У гарадзкім аддзеле адукацыі паведамілі, што пакуль няма нават каштарысу рамонтных работ — вядзецца падрыхтоўчая праца дзеля рэканструкцыі гэтага архітэктурнага помніка.
Прызначаная міністрам на пасаду дырэктара Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю Тамара Шчэрбачэвіч страціла сваю пасаду пасьля яго ліквідацыі, а ў новы ліцэй яе не прызначылі.
Начальнік упраўленьня гарадзкога аддзелу адукацыі Аляксей Воранаў паведаміў, што пакуль чыноўнікі разглядаюць тры варыянты існаваньня новага ліцэю замест ліквідаванага. Першы — разьмеркаваць дзяцей у розныя навучальныя ўстановы на пэрыяд касмэтычнага рамонту будынку; другі — на пэрыяд рэстаўрацыі, а гэта ўжо на некалькі гадоў; і трэці — пакуль будуць рабіць рэстаўрацыю будынка на Кірава, 21, знайсьці іншае памяшканьне ў будынку якой-небудзь былой навучальнай установы. На пытаньне ці будзе захаваны выкладчыцкі склад, спадар Воранаў адказаў наступным чынам:
(Воранаў: ) “А хто вам казаў, што я згодны на тых жа самых выкладчыкаў? Я катэгарычна супраць іх, асабліва пасьля таго, што адбывалася і адбываецца. Яны страцілі ўсялякае маральнае права. Ва ўсялякім выпадку, у ліцэй яны ня пойдуць. Гэта будзе права наймальніка. Але на гэты пэрыяд дырэктар будзе толькі сачыць, як робіцца рамонт, і падпісваць розныя фінансавыя дакумэнты”.
Уладзімер Колас лічыць, што дух ліцэю складаюць менавіта выкладчыкі разам зь дзецьмі.
(Колас: ) “Яны не стварылі ліцэю. Яны папросту залаталі нейкую дзірку і спадзяюцца, што вырашылі праблему. Праблема ніколі ня будзе вырашаная, пакуль ня будуць зробленыя крокі насустрач з абодвух бакоў, калі ёсьць жаданьне захаваць ліцэй альбо аднавіць яго працу. Тое, што туды прызначылі фармальна нейкую ахвяру на закланьне, каб потым сьпіхнуць на яе адказнасьць, безумоўна, сытуацыі не паляпшае. Сытуацыя будзе нармальная толькі тады, калі туды вернуцца выкладчыкі ліцэю і прыйдуць ліцэйскія вучні”.
Калектыў зьліквідаванага ліцэю падрыхтаваў неабходныя дакумэнты ў Міністэрства юстыцыі на рэгістрацыю прыватнага ліцэю, але пакуль няма фінансавых сродкаў. Так што навучаньне будзе працягвацца ў такіх неспрыяльных умовах.