Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ СПРАБУЮЦЬ ЛІКВІДАВАЦЬ ДЗЬВЕ ЖАНОЧЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўніцы гэтых арганізацыяў лічаць абвінавачаньні юрыдычна неабгрунтаванымі й палітычна матываванымі. Неўзабаве суды розных інстанцыяў пачнуць разгляды ліквідацыйных справаў яшчэ шэрагу грамадзкіх арганізацыяў.

На пачатку паседжаньня ў справе ліквідацыі фонду “Касіяпэя” судзьдзя Вярхоўнага суду Самалюк спытаўся ў прадстаўніка Мінюсту Аляксандра Харытона, ці не хацелі бы бакі мірна вырашыць гэтую справе без судовага ўмяшальніцтва. На гэтую прапанову чыноўнік адказаў:

(Харытон: ) “Не, міравое пагадненьне немагчымае!”

Абвінавачаньні Аляксандра Харытона наступныя: фонд карыстаецца юрыдычным адрасам, зарэгістраваным на прыватнай кватэры, на блянках арганізацыі няма ўсіх неабходных рэквізытаў, адзін са сходаў фонду ня быў правамоцным, сымболіка арганізацыі на пячатцы і блянку выкананая ня ў колеры і г.д. Да ўсяго чыноўнік абвінаваціў “Касіяпэю” ў супрацоўніцтве зь незарэгістраваным аб’яднаньнем — Асамблеяй няўрадавых арганізацыяў.

Мінюст вынес фонду папярэджаньне 4 жніўня і загадаў за месяц ліквідаваць парушэньні заканадаўства. Але ўжо 12 жніўня чыноўнікі падалі ў суд пазоў аб ліквідацыі арганізацыі, бо, на іхную думку, кіраўніцтва фонду выпраўляць памылкі не зьбіралася.

Старшыня “Касіяпэі” Валянціна Сьвяцкая й яе намесьніца Галіна Сямдзянава абвяргалі абвінавачаньні Мінюсту. На многія вострыя пытаньні жанчын Аляксандар Харытон адказваць адмаўляўся. У выніку судзьдзя перанес разгляд справы на 8 кастрычніка, бо бакі заявілі хадайніцтвы аб далучэньні да справы шэрагу важных дакумэнтаў.

Валянціна Сьвяцкая так пракамэнтавала пабачанае ў судзе:

(Сьвяцкая: ) “Паводзіны спадара Харытона сьведчаць, што ён выконвае загад на ліквідацыю тых грамадзкіх аб’яднаньняў, якія не падабаюцца цяперашняй уладзе. Таму ўсе ягоныя меркаваньні, тлумачэньні тых ці іншых парушэньняў носяць схалястычны характар. І ня маюць ніякіх падставаў”.

Аляксандар Харытон размаўляць са мной катэгарычна адмовіўся. А вось як камэнтуе абвінавачаньні гэтага чыноўніка старшыня арганізацыі “Жаночы адказ” Сьвятлана Каралёва:

(Каралёва: ) “Харытон, прадстаўнік Мінюсту, сьцьвярджае, што мы не знаходзімся па сваім юрыдычным адрасе. Што нас там няма, і што ў нас няправільная пячатка. У нас ёсьць юрыдычны адрас, у нас там офіс, мы за яго плацім. Але гэта падазрэньні спадара Харытона, гэта яго падазрэньні”.

Разгляд справы аб ліквідацыі “Жаночага адказу” яшчэ працягваецца. Абедзьве гэтыя арганізацыі праводзілі адукацыйныя праграмы для жанчын, якія хочуць актыўна займацца палітыкай, грамадзкай, юрыдычнай, экалягічнай ды іншай дзейнасьцю.

Падобным чынам суды ўжо зьліквідавалі шэсьць найбольш актыўных беларускіх грамадзкіх арганізацыяў. На чарзе разгляд ліквідацыйнай справы “Фонду братоў Луцкевічаў” — 14 кастрычніка, праваабарончага цэнтру “Вясна” — 21-га. Таксама пададзены пазоў аб закрыцьці “Незалежнага таварыства праўных дасьледаваньняў”. Гомельскія ўлады хочуць ліквідаваць мясцовую “Асацыяцыю дзяцей і моладзі”. Спробы прадстаўнікоў Беларускага Хэльсынскага камітэту абскардзіць у Вярхоўным судзе мінюстаўскае папярэджаньне аказаліся безвыніковымі. Гэтая арганізацыя таксама можа быць у любы момант зьліквідаваная.
XS
SM
MD
LG