(Раманчук: ) “Калі завершацца гэтыя манэўры, дык трэба будзе наступныя праводзіць паводле сцэнару, што марсіяне таксама напалі на Беларусь і спрабуюць тут зрабіць нейкі пераварот”, — гэтак Яраслаў Раманчук, адзін зь лідэраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, пракамэнтаваў абнародаваны сцэнар комплексных манэўраў “Чыстае неба-2003”, якія ўчора пачаліся ў Беларусі і працягнуцца яшчэ пяць дзён.
Яраслаў Раманчук паводле нацыянальнасьці паляк. Яму блізкая праблема існаваньня нацыянальнай меншасьці ў сучаснай Беларусі, але ён адзначае, што гэтая праблема зусім далёкая ад таго сцэнару, які прыдумалі аўтары манэўраў “Чыстае неба-2003”.
Паводле гэтага сцэнару Беларусь — “чырвоная” краіна, якая падверглася агрэсіі з боку суседняй, “блакітнай” краіны. Нібыта “блакітныя” вырашылі абараніць суайчыньнікаў, якія як нацыянальная меншасьць кампактна пражываюць на тэрыторыі “чырвоных” і патрабуюць самавызначэньня ды далучэньня да былой радзімы. У сцэнары прапісаныя нават дзеяньні ўнутранай апазыцыі “чырвоных”, якая ў канфлікце заняла бок агрэсара.
Яшчэ адным удзельнікам сцэнару ёсьць Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў, якая, як і ў сытуацыі з Іракам, здольная толькі на гучныя заявы аб замірэньні. Між тым, замірэньня з агрэсарам быць ня можа, і ўсе здольныя трымаць зброю “чырвоныя” падымаюцца на барацьбу. Сцэнар манеэўраў прадугледжвае ўдзел ў ёй сілаў міліцыі, КГБ, памежнікаў і нават нядаўна створаных “тэрытарыяльных войскаў”, то бок народнага апалчэньня. Усе разам і з дапамогай ста расейскіх салдатаў яны разьбіваюць групоўку агрэсара, а яе рэшткі выганяюць за межы краіны.
Перамога будзе дасягнутая яшчэ празь пяць дзён, але ўжо цяпер аглядальнікі адзначаюць нерэальнасьць сытуацыі, якую прадугледжваюць манэўры “Чыстае неба-2003”.
Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі быў удзельнікам каля ста манэўраў, ад ротных да франтавых, у тым ліку буйных манэўраў “Вясна-75”, якімі камандаваў маршал Грэчка. Генэрал Казлоўскі адзначае, што ўсе гэтыя манэўры мелі набліжаныя да рэальнасьці сцэнары. Гэтаму надавалася вялікае значэньне, бо інакш немагчыма было дасягнуць самааддачы асабовага складу, кажа Павал Казлоўскі. Што да манэўраў “Чыстае неба-2003”, то былы міністар абароны ня бачыць падставаў верыць у іхную рэальнасьць.
(Казлоўскі: ) “Лічу гэты сцэнар несур’ёзным. Каб Украіна ці Польшча пайшлі вайной на Беларусь з мэтай падтрымаць свае нацыянальныя меншасьці — я ў гэтае трызьненьне ня веру. Супраць усяго НАТО маляваць сцэнар аказалася страшна, тады прыдумалі вось такое. Нейкія дробныя этнічныя групы яшчэ могуць у нас зьявіцца, прыбегчы аднекуль, з той жа Чачэніі, хаця гэта вельмі далёка — бегчы да нас з Каўказу. У выніку я ня бачу тых канфліктаў, якія маглі б выклікаць падобнае становішча”.
Назіральнікі таксама адзначаюць, што падобны сцэнар манэўраў супярэчыць палітыцы разьвіцьця дабрасуседзкіх адносінаў ва ўсёй Усходняй Эўропе. “Латвія, Літва, Польшча ці Ўкраіна трывала дэманструюць жаданьне сябраваць зь Беларусьсю, і, баюся, падобныя сцэнары будуць імі патлумачаныя як неадэкватнае ўспрыманьне ўладамі Беларусі сваіх суседзяў”, — лічыць Яраслаў Раманчук.