Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ

Ул. інф.

Дзень 7 кастрычніка, за тыдзень да Пакрова, у Беларусі традыцыйна зьвязвалі з надыходам “бабінага лета” – спакойнага, пагоднага надвор’я, якое ўвасабляе ціхаце шчасьце бабуляў.

Што да гістарычнага календара, дык ён сёньня адкрываецца зусім не спакойнай, а рэвалюцыйнай датай. 7 кастрычніка 1897 году ў Вільні быў створаны “Бунд” – усеагульны габрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расеі. “Бунд” быў пралетарскай і адначасова нацыянальнай габрэйскай арганізацыяй. Ужо праз паўгода пасьля ягонага стварэньня ў Менску пры садзеяньні “Бунда” пройдзе першы зьезд РСДРП, у склад якой “Бунд” увойдзе аўтаномнай часткай. Пасьля таго, як ініцыятыву ў РСДРП пяроймуць бальшавікі на чале зь Ленінам, “Бунд” будзе трымацца ад гэтае партыі на адлегласьці.

Зараз – да біяграфічных датаў.

7 кастрычніка 1765 году нарадзіўся беларускі палітык і кампазытар Міхал Клеафас Агінскі. Ягоная дыпляматычная дзейнасьць прыпала на час падзелаў Рэчы Паспалітай паміж суседнімі імпэрыямі. Агінскаму даводзілася то прысягаць расейскім манархам, то браць у рукі зброю і змагацца супраць расейскага войска. Дарэчы, і музыку ён пачаў пісаць у часе паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі. Гэта былі маршы і баявыя песьні, што хутка набывалі папулярнасьць сярод паўстанцаў. Аднак сёньня Агінскі найлепей вядомы сваім палянэзам ля-мінор “Разьвітаньне з Радзімай”, які шмат хто ў Беларусі сёньня хацеў бы чуць у якасьці дзяржаўнага гімну краіны. Дзень нараджэньня Агінскага адзначаецца сьвятам у ягонай сядзібе ў Залесьсі Смаргонскага раёну.

Сёньня спаўняецца 215 гадоў зь дня нараджэньня беларускага мовазнаўцы Івана Насовіча. Ён прыйшоў на сьвет у вёсцы Гразівец цяперашняга Чавускага раёну. Акурат перад напалеонаўскім нашэсьцем скончыў Магілёўскую духоўную сэмінарыю, а пасьля вайны працаваў у духоўных і дваранскіх вучэльнях па ўсёй Беларусі, адначасова зьбіраючы прыклады жывое беларускае мовы, якія потым складуць унікальны “Слоўнік беларускае мовы”. Апроч гэтага слоўніка, Насовіч выдаў зборнікі народных песень, прыказак і загадак.

Сёньня ж спаўняецца 60 гадоў народнаму артысту Беларусі Яўгену Шыпілу. Нарадзіўся ён у вёсцы Відокі Верхнядзьвінскага раёну, а працуе ў тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску.

Таксама сёньня сьвяткуе свой дзень нараджэньня расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін. Ён нарадзіўся ў 1952 годзе.
XS
SM
MD
LG